Мінімальны працоўны стаж хочуць павялічыць да 15 гадоў (абноўлена)
Віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік прапануе з 10-ці да 15-ці гадоў павялічыць мінімальны працоўны стаж для беларусаў, пасля адпрацоўкі якога яны змогуць разлічваць на працоўную, а не сацыяльную пенсію. Таксама не выключана, што ўлады разгледзяць магчымасць павелічэння пенсійнага ўзросту для жанчын да шасцідзясяці і для мужчынаў да шасцідзясяці пяці гадоў.
Эканаміст Леў Марголін лічыць, што такія рашэнні можна прымаць толькі ў звязку з эканамічнымі рэформамі:
– Пенсійны ўзрост у заходніх краінах больш высокі, але там іншая працягласць жыцця і іншыя заробкі. Таму, каб у нас гэта рабілася ў нейкім пакеце сумесна з радыкальным рэфармаваннем эканомікі, гэта можна было б зразумець. Менавіта таму, што старэнне насельніцтва і міграцыя, павялічваецца нагрузка на Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік абяцае таксама вызначыць крытэрыі, на падставе якіх беларусаў будуць лічыць дармаедамі. «Лукашэнка паставіў задачу да канца года разабрацца і стварыць механізм, пры якім ўсё працаздольныя людзі будуць прымаць удзел у стварэнні матэрыяльных выгод і ў будаўніцтве нашай роднай дзяржавы”, — дадаў Анатоль Тозік.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Праект адпаведнага нарматыўнага акта падрыхтаваны ўрадам. У ім прадугледжаны шэраг мер для максімальна магчымага прыцягнення да працы “грамадзян, якія ад яе ўхіляюцца”. Пра гэта кіраўніку краіны далажыў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік на нарадзе па пытаннях занятасці і міграцыі ў краіне.
У прыватнасці, прапануецца павялічыць мінімальны працоўны стаж з выплатай абавязковых страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва для прызначэння працоўных пенсій з 10 да 15 гадоў. Пры разліку пенсій прапануецца браць за аснову апошнія 20 гадоў стажу. Пры адсутнасці агульнага і страхавога стажу працы – павысіць узрост для звароту за сацыяльнай пенсіяй на пяць гадоў: да 60 гадоў для жанчын і 65 гадоў для мужчын; а магчыма, і ўсталяваць аднолькавы парог узросту ў 65 гадоў.
Па словах Анатоля Тозіка, для тых, хто не плаціць падаходны падатак і адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны, варта было б вызначыць пералік мінімальнай дапамогі, якую ён можа атрымаць бясплатна ў дзяржаве.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота garagebiz.ru