Смеццевая праблема ў Глыбокім



Смурод, вужакі, пацукі, сабакі, каты, птушкі, якія трыбушаць пакеты, — усё гэта назіраюць жыхары дома 129Б па вуліцы Леніна ў Глыбокім амаль кожны дзень. Побач з домам, у метрах пяцідзесяці, знаходзіцца больш за дзесяць кантэйнераў са смеццем. Па словах жыхароў дома, у гэтае месца звозяць смецце з усяго горада. Смеццявозы не паспяваюць яго адвозіць.

А цяпер жыхары дома 129Б сутыкнуліся яшчэ з новай праблемай – кантэйнеры са смеццем мясцовая жыллёва-камунальная гаспадарка збіраецца перанесці яшчэ бліжэй да іх дома, школы і інтэрната гімназіі.

Па словах жыхароў дома 129Б па вуліцы Леніна ў Глыбокім, ЖКГ ужо пачала работу па ажыццяўленні гэтай задумы.

Пераносяць смеццевые кантэйнеры проста ў тарэц нашага дома. У доме вялікая колькасць дзяцей, асабліва ў першым пад’ездзе, амаль у кожнай кватэры малыя дзеці. Балконнае ашкленне тут літаральна на тарцы, і ў нас выходзіць каля 20 метраў да гэтага сметніка.

Мы былі ў санстанцыі перад тым як паехаць у ЖКГ, дык яны не былі праінфармаваныя пра тое, што іх будуць пераносіць.

Машыны прыязджаюць выкідаць смецце кожны дзень, нават уночы. Выкідаюць дрэвы, што заўгодна. Да ночы сметнікі будуць поўныя, а да раніцы ўвогуле запоўненыя праз верх, нават каля сметнікаў будзе валяцца смецце.

Развялі клапоўнік. Вунь, каля камбікормавага завода цэлая пляцоўка, дык няхай там паставяць гэтыя кантэйнеры. Усе на машыне возяць смецце сюды. Тут адзін садок, другі садок, школа і сметнік. Прыемна нам, скажыце?

Паводле галоўнага інжынера Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Юрыя Лінкевіча, сметніцы пераносяцца ў тарэц дома №129Б, бо яны стаялі пад вокнамі іншых дамоў.

Пераносім, выносім іх з вуліцы, каб знешні выгляд быў больш-менш прыстойны. Тое, што яны распавядаюць, не зусім праўда.

РР: Я ведаю, што яны напісалі да вас калектыўны зварот і прапаноўваюць увогуле перанесці сметнікі туды, дзе камбікормавы завод.

Гэта вельмі далёка. Як будзе дом нумар 129 хадзіць туды? Асабліва старыя людзі, як будуць хадзіць на такую адлегласць, каб вынесці смецце? Гэта не зусім правільна. Людзі думаюць толькі з аднаго боку, з таго, які ім больш карысны.

РР: Але гэтыя сметніцы адназначна будуць менавіта там? Іншыя варыянты не разглядаюцца?

Больш папросту няма месца.

Па словах жыхароў дома 129Б па вуліцы Леніна ў Глыбокім, кантэйнеры са смеццем гэта не адзіная праблема. Пляцоўка для выгулу сабак знаходзіцца не ў належным стане, дзіцячая таксама. Але пакуль яны будуць змагацца за тое, каб кантэйнеры са смеццем не стаялі побач з домам, школай і гімназіяй.

Цяперашняя смеццевая кантэйнерная пляцоўка
Месца для новай пляцоўкі за 20 метраў ад тарца дома №129Б па вуліцы Леніна
Вось такія жалезныя штыры пакідалі за сабой камунальшчыкі побач з пляцоўкай, дзе гуляюць дзеці
Да плота школьнай тэрыторыі ад новай смеццевай пляцоўкі няма і 10 метраў

Будуецца новая смеццевая кантэйнерная пляцоўка

Прывезлі смецце на машынах

Прывозяць смецце і на роварах

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае