Праваабаронцы: На палітвязня Жамчужнага ціснуць
Палітвязень Міхаіл Жамчужны пасля пераводу ў ліпені ў папраўчую калонію № 9 горада Горкі (Магілёўская вобласць) ужо другі раз змешчаны ў штрафны ізалятар (ШІЗА), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Паводле звестак праваабаронцаў, 3 жніўня адміністрацыя калоніі спрабавала перавесці Жамчужнага ў атрад, сфармаваны з асуджаных з „нізкім статусам”. Калі палітвязень адмовіўся, у дачыненні да яго склалі рапарт аб парушэнні ўмоў адбыцця пакарання, і Жамчужны быў адпраўлены на пяць сутак у ШІЗА.
Пасля выхаду з ізалятара, 8 жніўня, яго зноў паспрабавалі адвесці ў той жа атрад, аднак Жамчужны зноў адмовіўся і зноў быў адпраўлены ў ШІЗА — ужо на 10 сутак. З 9 жніўня ён знаходзіцца ў ізалятары, адміністрацыя калоніі расцэньвае адмовы зняволенага як непадпарадкаванне.
Праваабаронцы лічаць, што сваімі дзеяннямі адміністрацыя папраўчай установы аказвае націск і наўмысна арганізуе правакацыі супраць Жамчужнага.
Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.
Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі „Платформа” (папярэдніца арганізацыі „Платформ інавейшн”). Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага раскрыцця звестак, якія з’яўляюцца службовай тайнай, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для таемнага атрымання інфармацыі, і даванні хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Беларускія праваабаронцы прызналі Жамчужнага палітвязнем.
Жамчужны ўтрымліваўся ў калоніі ў Навасадах (Барысаўскі раён Менскай вобласці), затым у калоніі № 11 у Ваўкавыску (Гарадзенская вобласць). 10 ліпеня палітвязень пераведзены ў Горкі.