У ліпені ў Беларусі зафіксаваная дэфляцыя
У Беларусі сёлета ўпершыню зафіксаваная дэфляцыя. Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, індэкс спажывецкіх цэн у ліпені знізіўся на 0,1%.
Апошні раз дэфляцыя назіралася ў жніўні 2016 года, да гэтага — у 2009 годзе.
У студзені 2017 года цэны выраслі на 0,9%, у лютым — на 0,5%, у сакавіку — на 0,3%, у красавіку — на 0,7%, у маі — на 0,3%, у чэрвені — на 0,7%. У параўнанні са снежнем 2016 года інфляцыя склала 3,5%.
У ліпені цэны на харчовыя тавары знізіліся на 0,7%, на нехарчовыя — выраслі на 0,4%, на паслугі — на 0,6%.
Афіцыйны прагноз уладаў прадугледжвае інфляцыю ў 2017 годзе ў межах 9%. Аднак, як паведаміў 26 чэрвеня першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой, урад разлічвае, што да канца года інфляцыя не перавысіць 7%. „І гэта мы пакуль асцярожна закладваем. Пяць месяцаў скончылі з інфляцыяй у 2,7%. Гэта гістарычны мінімум, таму наогул чакаем меншы паказчык у 6-6,5%”, — заявіў прадстаўнік міністэрства.
У апублікаваным 10 жніўня штоквартальным макраэканамічным аглядзе Еўразійскага банка развіцця адзначаецца, што аднаўленне спажывецкага попыту, павышэнне тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і паступовае аслабленне намінальнага абменнага курсу ў другім паўгоддзі будуць спрыяць некатораму паскарэнню інфляцыйных працэсаў у Беларусі. „Пры гэтым варта адзначыць, што дадатковы націск на інфляцыю можа зрабіць пагаршэнне ўраджаю з-за сёлетніх умоў надвор’я і рост цэн на прадукты харчавання. Далейшае правядзенне збалансаванай грашова-крэдытнай палітыкі будзе спрыяць захаванню інфляцыі ў межах мэтавых арыенціраў на ўсім прагнозным перыядзе”, — лічаць аўтары агляду.
У 2016 годзе інфляцыя дасягнула 10,6% пры прагнозе 12%. За 2015 год паказчык склаў 12% пры аналагічным афіцыйным прагнозе. За апошнія 10 гадоў мінімальны ўзровень інфляцыі назіраўся ў 2006 годзе — 6,6%, максімальны — у 2011-м — 108,7%.