Сядзіба ў Жалудку: Чацвярцінскія, савецкая частка і “Масакра”



Да надзвычай цікавай, але малаведамай шырокаму колу сядзібы ў Жалудку, што на тэрыторыі сучаснага Шчучынскага раёну, я ехаў роварам 15 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Ражанка. Найхутчэй аўтамабілем ці роварам у гэтую мясціну можна трапіць, не даехаўшы да старажытнага мястэчка, збочыўшы ўлева па ўказальніку да вёскі Скярсі.

Сядзіба князёў Святаполк-Чацвярцінскіх, якую праектаваў архітэктар Уладзіслаў Марконі, закладалася ў 1907-08 гадах. Комплекс спалучаў палац, млын, флігель, кузню, іншыя гаспадарчыя пабудовы. Апошні ўладальнік сядзібы – Людвік Чацвярцінскі – загінуў ў Асвенціме ў 1941-ым.

У савецкі час на тэрыторыі колішняй сядзібы князёў Чацвярцінскіх была размешчана вайсковая частка, прычым досыць сакрэтная. Яе сляды можна адшукаць дагэтуль. Прыкладам чырвоная зорка на сталяванні вялікай залы, якая, мяркуючы па рэштках старой сцэны, служыла савецкаармейцам актавай. Ці будыначак на якім дагэтуль захавалася слова “магазин”. Сама сядзіба занядбаная ў сярэдзіне, сцены папсаваны шматлікімі напісамі, усе люстры і лямпачкі павыдзіраны, будынак патрабуе капітальных укладанняў.

Сядзіба доўгі час была без гаспадара, зараз жа яе нібыта выкупіў прыватнік. Ужо адрэстаўраваны дамок, які служыў некалі КПП. Побач і буда з вялікім, але незласлівым сабакам. Уваход на тэрыторыю зараз платны – 3 рублі. Яшчэ адзін рубель трэба заплаціць за ўваход у сам палац, але яно таго варта.

Жалудоцкая сядзіба атрымала вядомасць і тым фактам, што менавіта тут здымалася большая частка “першага беларускага фільма жахаў” рэжысёра Андрэя Кудзіненкі “Масакра”. Стары парк тут сапраўды маляўнічы, а надзея на паўнавартаснае адраджэнне сядзібы і стварэнне тут сапраўднага культурніцкага асяродку ёсць.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара