12 адметнасцяў, якія матывуюць каталонцаў да незалежнасці



Тыдзень таму вашай увазе быў прапанаваны артыкул з паралелямі моўнай сітуацыі Каталоніі і Беларусі. Зараз жа Алесь Крой прадстаўляе 12 галоўных адметнасцяў, якія матывуюць каталонцаў да сапраўднай незалежнасці.

1Адметная каталанская мова, утвораная на базе народнай лаціны, якая неабходная для самаідэнтыфікацыі эліты і як каталізатар новых творчых дасягненняў. Статус аўтаноміі як часткі метраполіі не дае сапраўды роўных правоў у выкарыстанні роднай мовы, але і незалежнасць не дае гарантый адраджэння роднай мовы, пакуль да гэтай справы не падключыцца ўсё насельніцтва, ці найбольшая яго частка. Выпускнікі каталонскіх школ паказваюць лепшыя веды ў валоданні не толькі каталанскай, але іспанскай мовы на цэнтралізаваных тэстах у Іспаніі. Каля 9,5 мільёнаў чалавек умеюць гаварыць па-каталанску, 7,7 карыстаюцца ёю актыўна, а 4,4 млн.чал. яе называюць галоўнай мовай камунікацыі. З кожным годам павялічваецца колькасць людзей, якія вывучаюць каталанскую мову за межамі Каталоніі. Толькі ў Германіі яе вучаць у 23 універсітэтах больш 2600 чалавек…Усяго яе вучаць больш 7 тысяч чалавек у 108 замежных універсітэтах.

2. Герб Каталоніі адзін з чатырох найстаражытнейшых гербаў Еўропы (1150 год).

Старажытная мова, герб, сцяг – важнейшыя атрыбуты будучай незалежнасці, якія лучаць сучасных каталонцаў са сваімі продкамі.

3. Камфортны клімат для жыцця і атракцыйныя прыродныя рэсурсы (горы, мора, пляжы).

4Калыска Каталоніі. У гарадку Рыполі пахаваны заснавальнік кляштара і Каталоніі –легендарны Жыфрэ-эль-Вэльёс (Гіфрэ Валасаты), па паданні адтуль бяруць пачатак і чатыры чырвоныя палосы на гербе Каталоніі. Тут калыска Каталоніі.

5. Гісторыя і адметная культура, якая нагадвае пра супольныя дасягненні народа і сілкуе маладое пакаленне пераможным духам.

Партал 12 ст. кляштара ў Рыполі

– У Каталоніі знаходзіцца каралеўскі кляштар Паблет, заснаваны манахамі ордэна Цістэр Доўгі час ён быў Пантэонам каталанска-арагонскай дынастыі. Там знаходзяцца парэшткі каралёў. З 1991 году гэты кляштар уваходзіць у знакаміты спіс ЮНЭСКА.

– Барселона. Адзін з прыгажэйшых гарадоў свету.

303 гады назад (1714 г.) мадрыдскія войскі пасля 13 месяцаў аблогі вынішчылі горад Барселону, але нацыянальны дух і самасвядомасць перадавалася ад старэйшых маладым (11 верасня каталонцы ў памяць заканчэння аблогі Барселоны адзначаюць гэта штогод як свята – Нацыянальны дзень Каталоніі).

– Каталонія падарыла сусвету мастака Сальвадора Далі, архітэктара Антоніё Гаўдзі. У сталіцы Каталоніі жыў і Пабла Пікаса. Каталонцамі былі вядомыя музыкі і кампазітары: Касальс, Альбеніс, Гранадас…

– Знакаміты каталонскі “Кастэльерс” (будаўніцтва чалавечых веж) аб’яўлены ЮНЭСКА “Сусветнай спадчынай чалавецтва”.

6. Будаўніцтва ўнікальнага храма Святога Сямейства ў Барселоне. Пачатак будаўніцтва храма паводле праекту архітэктара Антоній Гаўдзі на ахвяраванні жыхароў супаў з годам народзінаў Янкі Купалы і Якуба Коласа – 1882. У 2010-ым храм асвечаны папам Бенедыктам XVI.

Сучасны выгляд храма

Завяршэнне будаўніцтва запланавана на 2026 год. Стане самым высокім хрысціянскім храмам на Зямлі – 172 метры.

Такім будзе канчатковы выгляд Temple Expiatori de la Sagrada Família        

7. Адметная каталанская кухня і сусветна вядомы кухар-асветнік Ферран Адрыя-і-Акоста, які ўваходзіў у дзявятку лепшых сусветных кухараў (G9), а ў яго рэстаран у Каталоніі “Эль Буллі”, які некалькі гадоў прызнаваўся лепшым у свеце, запісвалася ў год больш 1 мільёну чалавек.

Сусветна ведамы кухар Ферран Адрыя

8Унікальныя спартовыя дасягненні ў камандавых відах спорту. Адзін з лепшых у свеце клубаў – легендарная “Барса”. На 110-годдзе клуба (2009 год) “Барселона”  стала адзіным клубам Еўропы, які цягам года выйграў усе магчымыя нацыянальныя і сусветныя турніры. Клуб стаў адным з сімвалаў Каталоніі з дэвізам “Больш, чым клуб”, а пачынаў у 1899 годзе з групы  мігрантаў і каталонцаў…

Першы склад „Барсы”

9. Адны з найлепшых эканамічных паказчыкаў у Іспаніі. ВВП аўтаноміі роўны ВВП Фінляндыі і Даніі. А ВВП на душу насельніцтва амаль роўны Германіі. Бедны рэгіён на карысныя выкапні зменшыў занятасць у сельскай гаспадарцы да 2%, адначасна павялічыў сферу паслуг да 64%. Занятасць у прамысловасці 25% (лёгкая, хімічная, фармацэўтычная). Падаткі з Каталоніі сілкуюць слабейшую на душу ВВП эканоміку метраполіі, якую ў 2010 годзе спасціг эканамічны крызіс. 16% насельніцтва даюць больш 25% ВВП Іспаніі (2016 год).

10. Палітычны кампраміс паміж аўтахтонамі і мігрантамі. Паступовае ненавязлівае тлумачэнне мігрантам важнасці каталанскай мовы і культуры, незалежнасці Каталоніі,”пагружэнне ў мову школьнікаў дасягнулі агульнай салідарнасці ўсяго насельніцтва падчас масавых (1-1,5 мільёнаў чалавек на 7,5 мільёнаў насельніцтва Каталоніі) маніфестацый за незалежнасць. У верасні 2013 года каталонцы ўтварылі 400-кіламетровы жывы ланцуг за незалежнасць праз усе знакавыя аб’екты Каталоніі.

11. Кожны каталонец, які любіць свой народ і зямлю, стараецца пакінуць адметны след у памяці Каталоніі. Як прыкладам бізнэсмэн і падарожнік Альберт Бош з горада Жырона, які 5 студзеня 2012 года адзін (ягоны напарнік з-за траўмы зышоў з дыстанцыі на 31 км) дасягнуў Паўднёвага полюса Зямлі без знешняй дапамогі рэсурсамі і харчаваннем і ўсталяваў там каталонскі сцяг. За 67 дзён ён адолеў складанейшы шлях працягласцю 1124 кіламетраў і стаў першым каталонцам, якому ўдалося гэта зрабіць.

 

Альберт Бош на Паўднёвым полюсе

12. Маюць свой дамен у інтэрнэце. Адна з нешматлікіх аўтаномій, якая атрымала з верасня 2005 года свой дамен у інтэрнэце – першы афіцыйны дамен для недзяржаўнай мовы.

Алесь Крой, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя