150 мільёнаў штрафу для беспрацоўнага актывіста



Амаль 150 мільёнаў беларускіх рублёў штрафу павінен выплаціць дзяржаве беспрацоўны актывіст з Гомеля. Былы кіраўнік БХД па Гомельшчыне Юрый Клімовіч аштрафаваны за тое, што ў 2003-2004 гады нібыта недаплаціў падаткі. 10 гадоў таму назад Юрый Клімовіч быў дырэктарам прыватнай фірмы „Бел-Ост”, якая займалася пастаўкамі беларускай тэхнікі на расейскі рынак.

–   Калі мяне выклікалі ва Упраўленне фінансавых даследаванняў больш за год таму, я здзівіўся, пабачыўшы, што на мяне ёсць ужо цэлая папка. Сабраны сведчанні ўсіх маіх былых супрацоўнікаў. Яны, відаць, доўга думалі, што мне інкрымінаваць, але не ведалі. Вырашылі спачатку зрабіць справу, а пасля будзе бачна. Асноўная сума – 16 мільёнаў. Гэта іх падаткавыя прэтэнзіі да мяне. Яны іх назвалі “недаплочанымі падаткамі”. І 120 мільёнаў – гэта пеня за 10 гадоў, што мяне спачатку трохі пабавіла, а пасля я быў моцна ўражаны. Як можна задняй датай налічваць пеню, ды за 10 гадоў?!

Праваабаронца Алесь Яўсеенка дапамагаў Юрыю Клімовічу рыхтаваць апеляцыйную скаргу на рашэнне Эканамічнага суда Гомельскай вобласці.

–  Гэта гандлёва-закупачная арганізацыя. Які сэнс крызіснага ўпраўляючага прызначаць? Гэта бязглуздзіца нейкая. Тым больш гэта прыватная фірма. Сам Клімовіч не ведаў, што яму назначылі гэтага ўпраўляючага, які павінен стаяць на пазіцыях інтарэсаў фірмы. Ён заяўляе зараз субсідзіярную адказнасць на Клімовіча амаль на 150 мільёнаў рублёў. Калі ў яго няма працы, двое непаўнагадовых дзяцей, а тут такі далі штраф.

Алесь Яўсеенка не выключае, што пераслед Юрыя Клімовіча звязаны з ягонай грамадскай і палітычнай актыўнасцю. Падчас выбараў 2010 года ён узначальваў абласны штаб апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота ctv.by