Скандальную заяву Сікорскага каментуе ўкраінскі палітык
Уладзімір Пуцін прапанаваў Польшчы падзяліць Украіну яшчэ ў 2008 годзе, – піша амерыканскае выданне politiko.com са спасылкай на словы былога міністра замежных спраў Польшчы – Радаслава Сікорскага.
Такая прапанова, паводле выдання, прагучала ў размове прэзідэнта Расеі з Дональдам Тускам. Сікорскі тлумачыць, што пра размову Пуціна і Туска толькі чуў, а яго словы амерыканскае выданне не дакладна зразумела.
Як адзначае былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны, ва Украіне заўважылі амерыканскі артыкул, але сенсацыі ён не выклікаў:
– Насамрэч дыпламаты і асобы з высокім службовым становішчам ў стасункам паміж сабой дазваляюць вельмі шмат фрывольнасцяў. І для мяне ў дадзеным выпадку няма нічога такога дзіўнага, што яны на гэтую тэму паміж сабою гаварылі, што гэтую тэму абмяркоўвалі. Тэма Украіны ў апошні час – на вуснах шмат у каго. Думаю, што і Пуцін гаварыў шмат з кім. Але навошта Сікорскаму трэба было казаць гэта зараз у эфір? Вось тут ёсць праблема.
Каментара былога прэм’ера Польшчы Дональда Туска наконт артыкула ў амерыканскім выданні – пакуль няма.
Расея ў сваю чаргу назвала гэтую інфармацыю хлуснёй.
Паводле Сікорскага, у час візіту прэм’ера Дональда Туска ў Маскву, у лютым 2008 году, Пуцін намякаў, каб Польшча далучылася да падзелу Украіны.
Гэтае выказванне стала сенсацыйным. Аднак сёння, у час прэс-канферэнцыі, Сікорскі не даў журналістам ніякіх тлумачэнняў, толькі адзначыў, што гукавога запісу размовы Туска і Пуціна – няма, а сам Сікорскі не быў яе сведкам:
– Я не браў удзел у той размове. Гэта было меркаванне, якое я чуў, якое магло быць інтэрпрэтаванае адным чынам тады, і значэнне аказалася іншым, у святле таго, што адбылося праз пэўны час.
Са спасылкай на словы Сікорскага, амерыканскі партал напісаў, што Пуцін, у прысутнасці Туска, сказаў, што Украіна – гэта штучная дзяржава, а Львоў – гэта польскі горад, і трэба супольна заняцца гэтай справаў. Польскі прэм’ер на гэта нічога не адказаў. У сваю чаргу расейскі бок абвяргае словы Радаслава Сікорскага.
Зміцер Косцін, Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота wprost.pl