Сяргей Балыкін: Як можна прыцягнуць да адказнасці 5% насельніцтва?



„Працаваць у Беларусі ў адрозненні ад савецкіх часоў з’яўляецца правам, а не абавязкам,” – так каментуе ініцыятыву аб прыцягненні да адказнасці „тунеядцаў” юрыст Сяргей Балыкін. Паводле яго, такая ініцыятыва вельмі сумніўная – як з прававога, так і з эканамічнага і арганізацыйнага пунктаў гледжання:

– У Беларусі ўсё магчыма. Але ж як гэта можна рэалізаваць на практыцы, я не ведаю. Калі казаць пра Савецкі Саюз, то там было не так шмат тунеядцаў і іх было магчыма да нейкай адказнасці прыцягнуць, нават крымінальнай. Што датычыцца сучаснай Беларусі, у якой, па сведчанні самога спадара Лукашэнкі, каля 5% насельніцтва ніяк не працаўладкавана, то як іх прыцягнуць да адказнасці я не ведаю.

Эксперт нагадаў, што адказнасць за дармаедства ў той ці іншай форме існавала ў часы Савецкага Саюзу. І да яе можна было прыцягнуць чалавека, які не працаваў больш за чатыры месяцы запар.

Нагадаем, у Беларусі хочуць вярнуць панятак „дармаедства” ў Адміністрацыйны кодэкс. Міністэрства ўнутраных спраў прапануе ўнесці змены, якія дазволяць прыцягваць „дармаедаў” да адказнасці, у тым ліку і да прымусовага працаўладкавання.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя