Фядынічу прад’явілі абвінавачванне ў нясплаце падаткаў (абноўлена)
Кіраўніку прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзю Фядынічу выстаўленае абвінавачанне ў нявыплаце падаткаў, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
„Кіраўніку Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзю Фядынічу выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У дачыненні да яго прымененая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Расследаванне справы працягваецца. У якасці абвінавачваных прыцягнутыя дзве асобы — кіраўнік і галоўны бухгалтар”, — удакладніла Ганчарова.
Як паведаміў Генадзь Фядыніч расследаванне справы працягваецца:
— Я лічу, што гэта сфабрыкаваная справа. Ніякіх папер, дзе была б матывіроўка мы не ведаем, нам не паказалі. Трэба ведаць, за што ты павінен падаткі плаціць. Калі ёсць даказальная база, што ты павінен іх плаціць — гэта адно, калі яе няма — гэта другое. Сёння можна да кожнага трэцяга прыйсці і сказаць, што ты павінен столькі падаткаў плаціць, бо мы так палічылі. Чаму не больш, чаму не менш? Калі ты не безумоўна нешта парушыў, тады другая размова будзе ісці. Тады можна было выклікаць і паразмаўляць. Вось так і так, у нас ёсць тое і тое, вось даказальная база: плаціце, альбо пойдзеце ў следчы камітэт.
Старшыня прафсаюза Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар Ігар Комлік былі затрыманыя 2 жніўня і дапытаныя ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Пасля допыту Фядыніча адпусцілі, Комліка затрымалі, цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
Фядыніч расказаў журналістам, што яму назвалі памер не выплачаных падаткаў — 22 тысячы дэнамінаваных рублёў з сумы, атрыманай у 2011 годзе. Пазней справа прафактывіста была перададзена з КДК у Следчы камітэт.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка. Справу ў дачыненні да кіраўніцтва РЭП праваабаронцы параўналі са справай кіраўніка закрытага ўладамі цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, якая была распачатая ў 2011 годзе.
Праваабарончыя арганізацыі таксама заявілі, што ў сувязі з утрыманнем Ігара Комліка ў ізаляцыі разглядаюць яго ў якасці палітвязня і патрабуюць неадкладнага вызвалення.
За Фядыніча і Комліка заступіліся міжнародныя прафцэнтры, якія напісалі звароты на імя Аляксандра Лукашэнкі.