З’явіцца электронная энцыклапедыя Беларусі на 40 тысяч артыкулаў



Спецыялісты выдавецтва „Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” пачнуць стварэнне электроннай энцыклапедыі „Рэспубліка Беларусь” у 2018 годзе, паведаміў БелаПАН дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч.

Папярэдняя праца над праектам ужо вядзецца — супрацоўнікі выдавецтва, у прыватнасці, займаюцца аблічбоўваннем энцыклапедый, раней выдадзеных у папяровым варыянце, і актуалізацыяй змешчанай у іх інфармацыі. „Але гэта не значыць, што мы проста механічна перавядзем усё перш выдадзенае ў электронны фармат”, — падкрэсліў Андрыевіч.

„Мы цяпер працуем над складаннем слоўніка гэтай энцыклапедыі, — адзначыў дырэктар выдавецтва. — У ім будзе больш за 40 тысяч слоў, а значыць, што, складаючы электронную энцыклапедыю, мы павінны падрыхтаваць 40 тысяч артыкулаў — гэта вельмі вялікая праца. Паралельна мы працуем з аўтарскімі калектывамі, каб знайсці спецыялістаў у навуцы, эканоміцы, культуры, грамадскай і іншых сферах, якія дапамогуць нам у складанні гэтых артыкулаў. Мы будзем працаваць з навукоўцамі з Нацыянальнай акадэміі навук, вышэйшых навучальных устаноў, экспертамі ў розных галінах”.

Пасля фарміравання агульнай канцэпцыі выдання, складання слоўніка і раздзелаў гэтай кнігі выдавецтва абвесціць тэндар для праграмістаў на выкананне тэхнічнай часткі праекта — стварэнне электроннай абалонкі выдання.

„У цэлым складанне электроннай энцыклапедыі — стратная справа. Разам з Міністэрствам інфармацыі мы прапануем Савету міністраў падтрымаць гэты праект на ўзроўні ўрада і ўключыць яго ў план бюджэтнага фінансавання. Працу непасрэдна над электроннай энцыклапедыяй мы плануем пачаць з наступнага года, а завяршыць яе — за тры-чатыры гады”, — падсумаваў Андрыевіч.

Паводле БелаПАН