Вадзім Скрыпчанка ўзначаліў „Анжы”



Беларускі спецыяліст Вадзім Скрыпчанка афіцыйна назначаны галоўным трэнерам махачкалінскага „Анжы”. Ён змяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Грыгарана.

У дамашнім паядынку 6-га тура чэмпіянату Расеі 12 жніўня футбалісты „Анжы” прайгралі маскоўскаму „Дынама” (1:3), і кіраўніцтва дагестанскага клуба вырашыла змяніць настаўніка. Пасля шасці тураў расейскага першынства „Анжы” мае ў сваім актыве ўсяго 3 ачкі (1 перамога, 0 нічыіх, 5 паражэнняў; розніца мячоў – 3-10) і займае 15-е, перадапошняе месца ў турнірнай табліцы. Да прыезду ў Махачкалу Вадзім Скрыпчанка, якому 41 год, працаваў у трэнерскіх штабах барысаўскага БАТЭ і ФК „Мінск”, а потым у расейскіх камандах – краснадарскай „Кубані” і „Урале” з Екацярынбурга і самарскіх „Крылах Саветаў”. Скрыпчанка стаў другім прадстаўніком Беларусі на пасадзе галоўнага трэнера „Анжы” – у 1996-1998 гадах гульнёй каманды кіраваў легендарны Эдуард Малафееў.

У наступным туры футбалісты „Анжы” пад кіраўніцтвам Вадзіма Скрыпчанкі 19 жніўня згуляюць у Казані супраць мясцовага „Рубіна”.

Цяпер у клубах расейскай прэм’ер-лігі акрамя Скрыпчанкі працуюць яшчэ тры беларускія настаўнікі: Віктар Ганчарэнка ўзначальвае маскоўскі ЦСКА, Леанід Кучук трэніруе „Растоў”, Алег Конанаў – грозненскі „Ахмат”. Футбалісты „Растова” займаюць 2-е месца (13 ачкоў), ЦСКА ідзе чацвёртым (12), „Ахмат” знаходзіцца на 6-й пазіцыі (9) у турнірнай табліцы.

belta.by