У Гомелі судзяць жыхара Нямеччыны, які накінуўся на міліцыянта
У Гомелі ў дачыненні да 52-гадовага жыхара Германіі распачатая справа на падставе артыкула 364 КК (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС). Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Як паведамілі БелаПАН ва УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, грамадзянін Германіі звярнуўся ў дзяжурную часць ДАІ па кансультацыю наконт рэгістрацыі аўтамабіля на тэрыторыі Беларусі. Супрацоўнікі прапанавалі мужчыне звярнуцца ў рэгістрацыйны аддзел па атрыманне кваліфікаванай дапамогі.
Паводле інфармацыі УДАІ, мужчына, прыйшоўшы ў рэгістрацыйны аддзел, пачаў гучна і „нецэнзурна весці размову”. Пачуўшы ненарматыўную лексіку, супрацоўнік ДАІ зрабіў заўвагу, на што наведвальнік не толькі не адрэагаваў, а з яшчэ большай лютасцю працягнуў сваю лаянку, затым пусціў у ход кулакі, паведамілі ва УДАІ.
Супрацоўнікі інспекцыі „супакоілі” дэбашыра, надзеўшы яму наручнікі і выклікаўшы аператыўную групу.