Пратэст супраць судовага беззаконня ў Менску (абноўлена)



У Менску на плошчы Свабоды адбыўся пікет з патрабаваннем адстаўкі старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы. Некалькі грамадзянаў з ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры прымеркавалі гэтую акцыю да яго 75годдзя.

Па словах праваабаронцы і юрыста Тамары Сяргей, на плошчу выйшлі людзі, якія шукалі, але не знайшлі справядлівасці ў судах. Таму яны звяртаюцца да прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі з просьбай, каб ён адправіў у адстаўку кіраўніка Вярхоўнага суда, які займае гэту пасаду ўжо больш за 20 гадоў.

„На асабістым досведзе мы ведаем пра негатыўную сітуацыю, якая склалася ў беларускай судовай сістэме,” – сказала Тамара Сяргей, выступаючы падчас пікета.

Мы ведаем такую прымаўку: ад сумы і ад турмы не заракайцеся. Таму гэта тычыцца кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. І мы ведаем, што ў судах не пануе закон, як гэта павінна быць, а пануе ў судах беззаконне. У судах пануюць загады вышэйшых службовых асоб.

Пасля правядзення пікета, які прайшоў пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі, яго ўдзельнікі накіраваліся ў Адміністрацыю прэзідэнта і перадалі свой зварот з просьбай аб адстаўцы старшыні Вярхоўнага суда. Пад гэтым дакументам паставілі подпісы 29 грамадзянаў.

Па словах адной з удзельніц пікету, Валянціны Каваленкі з Бабруйску, яе сын асуджаны на 13 гадоў, нягледзячы на спрэчныя і супярэчлівыя матэрыялы следства. Але аспрэчыць сумнеўны прысуд проста немагчыма, – кажа Валянціна Каваленка.

– Мы не можам за ўсе гэтыя гады дамагчыся адказаў на пытанні па наглядных скаргах. Адвакатам майго сына дасылаюць адпіскі: усё ў рамках закона. Гэта страшна. Самае галоўнае ў любой краіне – гэта прававы суд. Суд паводле закона. І пакуль будуць указы і загады чыноўнікаў мы ў краіне безабаронныя. І нідзе нічога мы ніколі не даможамся. Будзем як быдла, нас штурхнулі – і мы ўпадзём.

„Таму за справядлівасць, як бы не было цяжка, трэба змагацца”, – падсумавала Валянціна Каваленка.

Пікетаванне было прымеркавана да 75-годдзя кіраўніка Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы. Арганізатары мерапрыемства падавалі ў Менгарвыканкам заяўку на яго правядзенне. Аднак адказу так і не атрымалі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.

Фота аўтара