Андрэй Фёдараў: Казаць пра пацяпленне дачыненняў з Захадам рана
На гэтым тыдні Беларусь наведае намеснік міністра замежных спраў Польшчы Томаш Арлоўскі, які адказвае за ўсходнюю палітыку польскага знешнепалітычнага ведамства. Пра палітыку беларускіх уладаў на “заходнім фронце”, санкцыі і палітзняволеных распавядае палітолаг Андрэй Фёдараў.
Як паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, 24 кастрычніка ў Менску адбудзецца сустрэча Арлоўскага з лідарамі апазіцыі. Плануюцца яго сустрэчы і з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, піша БелаПАН.
Томаш Арлоўскі быў прызначаны намеснікам міністра замежных спраў Польшчы 1 верасня, дагэтуль працаваў паслом Польшчы ў Францыі і Манака.
Андрэй Фёдараў: Любы візіт у краіну чыноўнікаў такога кшталту – гэта, безумоўна, добры сігнал. Асабліва на тым фоне, які існаваў раней ва ўзаемадачыненнях беларускіх уладаў з Захадам. Не так даўно Польшчу наведаў кіраўнік МЗС Беларусі Макей, зараз – візіт у адказ… Тым больш што ў Польшчы змянілася кіраўніцтва знешнепалітычнага ведамства. Перамовы – гэта заўсёды лепш, чым канфрантацыя.
РР: Якой вам зараз бачыцца сітуацыя на “заходнім фронце”?
Андрэй Фёдараў: Скажам так: прадпрымаюцца спробы змягчэння напружанасці ва ўзаемадачыненнях Беларусі і Еўропы, якая існавала апошнія гады. Але адзначу, што ёсць толькі невялікія прыкметы паляпшэння стасункаў, але пра значныя дасягненні казаць не даводзіцца. А далейшае развіццё падзей, на мой погляд, будзе залежыць ад пазіцыі беларускага кіраўніцтва і па “ўкраінскім пытанні”, і ва ўнутранай палітыцы. Прэзідэнцкія выбары ж праз год, а гэта заўсёды крыніца напружанасці ў такіх дачыненнях. Напэўна, радыкальных зменаў тут не будзе і казаць пра істотнае пацяпленне рана.
РР: Ці застаецца сёння актуальным для Захаду пытанне палітзняволеных у Беларусі? Той жа кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010 Мікалай Статкевіч застаецца да гэтага часу ў турме…
Андрэй Фёдараў: Пытанне застаецца, але яно для Еўропы не на першым плане. Пра палітзняволеных не забылі, праўда, сёння перад еўрапейцамі паўсталі іншыя глабальныя праблемы. Украіна, агрэсія Расеі – вось цэнтр увагі. І асуджаць Еўразвяз за тое, што той усімі метадамі не дамагаецца вызвалення таго ж Статкевіча, таксама складана. Усё, што маглі, яны ўжо выкарысталі. Не будзе ж з-за палітвязняў Еўропа аб’яўляць вайну Беларусі. Але ж санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў не адмянілі – значыць памятаюць пра “палітычных”.
РР: Без вызвалення палітвязняў санкцыі не здымуць?
Андрэй Фёдараў: Мяркую, што не здымуць, бо менавіта з гэтай нагоды і ўводзіліся “чорныя спісы”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-online.info