У Беластоку ўшанавалі памяць паўстанцаў гета
У Беластоку праходзяць урачыстасці, звязаныя з 74-мі ўгодкамі паўстання ў мясцовым гета. Прадстаўнікі уладаў, цудам выратаваныя з гета і іх сем’і сустрэліся на плошчы імя кіраўніка паўстання Мардэхая Тэненбаума. Прысутныя ўсклалі кветкі пры помніку паўстанцаў і пачулі традыцыйную габрэйскую малітву за памерлых. Паводле Леслава Пішэўскага, старшыні Саюза габрэйскіх гмінаў у Польшчы, у змаганні з фашыстамі ў беластоцкім гета ўзяло ўдзел 300 чалавек.
– Немцы вырашылі знішчыць гета. Калі габрэі ў гэтым гета даведаліся, што ім пагражае ліквідацыя, вырашылі арганізаваць паўстанне. Яно было асуджана на няўдачу. Вядома было, што габрэі не перамогуць у гэтым змаганні. Але разам з гэтым яны абаранілі сваю годнасць.
Паўстанне працягвалася толькі адзін дзень. Вынікам змаганняў была поўная ліквідацыя беластоцкага гета. Каля 10 тысяч габрэяў патрапіла ў канцэнтрацыйныя лагеры ў Трэблінцы, Майданку і Асвенціме.
Лукаш Леанюк, Беласток, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ciekawepodlasie.pl