“ART-ВОРША-РУБІКОН” у менскім Палацы мастацтваў



У менскім Палацы мастацтваў скончаны мантаж выставы “ART-ВОРША-РУБОН”. Яна прымеркаваная да 500-х угодкаў Аршанскай бітвы. Зладжаная суполкай “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў. Тут будуць прадстаўленыя карціны на гэтую тэму паўтара дзясятка патрыятычна настроеных мастакоў з усёй краіны.

РР: Як вядома, святкаванне 500-х угодкаў бітвы ў самой Оршы было афіцыйна забароненае. Нешта “перакулілася” ў вярхах, што ў Менску ўсё легальна?

Старшыня секцыі “Пагоня” БСМ Генадзь Драздоў:

– Беларускі саюз мастаукоў намінальна незалежны ад уладаў і мае ўласнасць у выглядзе Палаца мастацтваў. Выстава ж у плане стаяла яшчэ да святаў, таму і адбываецца. Тут усе працы мінулых гадоў, габелены, прысвечаныя слыннай падзеі, нават тых мастакоў, што памерлі. А таксама зробленыя ў час плtнэра з 3 па 8 верасня на самым Крапіўным полі. Там пачалі адбывацца цуды – на камянях артэфакты тагачасных герояў Канстанціна Астрожскага, Льва Сапегі. Але першыя ўражанні там былі “архі-адмоўныя” – кучы гною прама на палетку, садзяць бульбу, уносяцца ўгнаенні, коўзаюцца трактары. Так сучасная ўлада святкуе падзею, што некалі працягнула на два вякі існаванне старажытнай беларускай дзяржавы. Але сказана ў Бібліі, што калі людзі не будуць сведчыць пра існаванне Усявышняга, камяні будуць гаварыць. Так і адбываецца…

Мастак Алесь Пушкін – той самы – з вёскі Бобр на Крупаўшчыне:

– Мы не пабачым у аглядальнай будучыні манументаў, што існуюць на палетках Ватэрлоа, Барадзіна, на Куліковым, дзе шануюць баявую славу. Наша дзяржаўная “канцэпцыя”, па ўсяму, іншая – засеем збажыной, выкармім свінак, прададзім кілбасу з мясам у Расеі. І – такім чынам будзем умацоўваць нашу незалежнасць…

РР: Што ты прывёз да гледачоў?

– Трыпціх “Аршанскае поле 1514” – зранку, удзень і ўначы, напісаны акурат падчас пленэра. Таксама “Дудара”, які граў перад пачаткам сечы, няведаючы, чым яна для яго скончыцца. У яго вачах трывога, слёзы. За ім – беларускія палкі, дзіды.

Лявон Грышук, удзельнік выставы з Менску:

– На пленэры здавалася, што вітаў, нябачна, але асязальна, дух продкаў – яны нам дапамагалі! У маёй працы бачны цень ваяра, які нібы ў духоўным святле ляціць па-над палеткам. Заўсёды будзе над галовамі…

Алесь Пушкін:

– Яшчэ прывёз пад Воршу гусака ды гуску з аграгарадка Кляновічы, якіх дражніў як улада народ, усялякімі фобіямі – украінскімі, польскімі, нашымі нацыянальнымі, натаўскімі сцягамі. Гусі шыпелі ў часе перфомансу, але цярпелі! (смяецца )

Генадзь Драздоў:

– Актуальнасць Аршанскіх угодкаў “гарачая”, бо змаганне за нашы духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці паміж Ардой і Еўропай працягваецца – на Украіне. Як і 500 год таму. І Жыве Беларусь!

Выстава “ART-OРША-РУБІКОН” адкрыецца заўтра а 17-й гадзіне ў сталічным Палацы мастацтваў і будзе працаваць там улучна да 5 лістапада.

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя