Аляксей Мінчонак: Б’юць па праектах, якія падтрымлівае Польшча



Б’юць па праектах, якія падтрымлівае Польшча. Так пра пераслед журналістаў „Белсату” ў нашым эфіры сказаў прадстаўнік тэлеканала ў Беларусі – Аляксей Мінчонак. Апошнім часам асабліва актывізаваліся суды над супрацоўнікамі тэлебачання, пераважна па артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса – праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі. З офісу тэлеканалу у пачатку лета канфіскавалі абсталяванне, а аператара Аляксандра Баразенку судзяць нібыта за незаконнае выкарыстанне брэнду “Белсат”. Гэта мэтанакіраваны ціск, кажа Аляксей Мінчонак:

– Мы назіраем вельмі моцны ціск на журналістаў тэлеканала, які фінансуе ўрад Польшчы. Гэта вельмі важна разумець. Б’юць па праектах, якія падтрымлівае Польшча. Усё адбываецца на фоне гэтай нібыта лібералізацыі. І тое, што адбываецца вакол нашых журналістаў, назваць інакш як моцным ціскам немагчыма. Таму што, напрыклад, у Гомелі мэтанакіравана ідзе пераслед нашых журналістаў.

Апошнія пратаколы былі складзеныя на журналістаў Станіслава Івашкевіча і Кастуся Жукоўскага за «працу без акрэдытацыі». А да Кастуся Жукоўскага 21 жніўня прыйдуць судовыя выканаўцы, каб апісаць яго маёмасць. Гомельскаму журналісту пагражае канфіскацыя маёмасці праз нявыплачаныя штрафы, якія ён атрымаў за супрацу з «Белсатам». Толькі за апошнія тры гады яго штрафавалі 17 разоў на агульную суму, паводле сённяшняга курсу, больш за $ 6 тыс.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя