Тарыфы на камуналку вырастуць у верасні і снежні
Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі будуць індэксаваныя ў верасні і снежні, паведаміў у прэзідыуме Савета Рэспублікі намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец.
„Спажыўцы з 1 верасня гэтага года заплацяць на 8% больш за камунальныя паслугі. Але, яшчэ раз звярну ўвагу, што гэтая індэксацыя або гэты рост абумоўленыя ростам даходаў насельніцтва, як гэта і прадугледжана дзейным заканадаўствам і той практыкай, што склалася ўжо на працягу некалькіх гадоў. з 1 снежня мы плануем, зноў жа зыходзячы з росту заработнай платы, якая будзе адбывацца, мы ацэньваем, што рост індэксацыі складзе прыблізна 10%, — адпаведным чынам павысяцца і тарыфы для насельніцтва”, — перадае тэлеканал СТВ выступ намесніка кіраўніка МАРГ на пасяджэнні прэзідыума Савета Рэспублікі 17 жніўня.
Паводле інфармацыі тэлеканала, беларусаў прапануецца стымуляваць да ўстаноўцы індывідуальных лічыльнікаў цяпла. Эксперты прааналізавалі сітуацыю і прыйшлі да высновы, што неабходна прыняць дадатковыя меры па ўключэнні грамадзян у цеплавую мадэрнізацыю і прыцягненні да эканомнага расходавання цеплаэнергіі. Прапрацоўваецца адпаведны законапраект, які прадугледжвае як сістэму дзяржаўнай падтрымкі, так і ўцягванне сродкаў грамадзян, бо 94% жылфонду знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.
Са студзеня наступнага года ў Беларусі плануецца выйсці на 100-працэнтны ўзровень кампенсацыі затрат па ўсіх паслугах ЖКГ, за выключэннем цеплавой энергіі. Ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне насельніцтва будзе аплачваць па субсідаваных тарыфах.
Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 21 красавіка з пасланнем да народа і парламента, адзначыў: „Мы не можам аднаразова за год-паўтара зрабіць 100% плату жыллёва-камунальных паслуг, таму што будуць велізарныя неплацяжы і гэта дэстабілізуе становішча ў грамадстве”. „На 100-працэнтную аплату насельніцтвам паслуг ЖКГ выйдзем не за год-два, а чатыры-пяць гадоў”, — сказаў ён.
Лукашэнка запэўніў, што тарыфы будуць павышацца паступова, як і раней, — на пяць долараў у год. „Людзі прывыклі да гэтага. Павышаем па пяць долараў, каб дасягнуць 100%. І зробім гэта не за паўтара года, а за чатыры-пяць — зробім. Проста зламаць сістэму, а вось стварыць новае будзе значна складаней. Будзьце больш акуратнымі. У нас створаная сістэма, яе трэба прымусіць працаваць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.