Уладзімір Ганчарык: Зліццё прафсаюзаў з дзяржавай працягнецца



22 кастрычніка сябры Савета ФПБ абралі новага старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ім стаў былы 1-ы сакратар БРСМ Міхаіл ОРДА. Экс-кіраўнік федэрацыі Уладзімір ГАНЧАРЫК распавядае, ці зменіцца што-небудзь у працы афіцыйных прафсаюзаў са зменай лідара, і што б ён пажадаў абранаму старшыні.

Міхаіл Орда у 2003-2006 быў першым сакратаром БРСМ, затым дэпутатам Палаты прадстаўнікой Нацыянальнага сходу. На пасадзе кіраўніка ФПБ ён змяніў Леаніда Козіка, які кіраваў федэрацыяйз 2002 г.

Уладзімір Ганчарык: Асабіста я Міхаіла Орду не ведаю, але, калі паглядзець яго біяграфію, то бачна, што гэта чалавек Адміністрацыі прэзідэнта. А значыцца тая лінія, якая накіравана на зліццё прафсаюзаў з дзяржавай, будзе працягвацца. Загад такі: Федэрацыя прафсаюзаў павінна стаць апірышчам дзяржавы – і гэтым усё сказана. Старшыня Федэрацыі павінен праводзіць гэтую лінію, афіцыйныя прафсаюзы яшчэ больш становяцца пад дзяржаўны кантроль. Таму што ў такой сітуацыі можа залежыць ад таго ж Орды ці яшчэ каго-небудзь? Нічога.

РР: Што б вы хацелі пажадаць новаму кіраўніку?

Уладзімір Ганчарык: Прыстойнасці і шчырасці з людзьмі. Прафсаюзны лідар павінен мець пэўную смеласць адстойваць свае прапановы і аказваць супраціў найбольш адыёзным рашэнням, якія прымаюцца ў працоўнай сферы. Я маю на ўвазе і працоўныя кантракты, якія звязваюць людзей па руках і нагах, і дакументы, якія забараняюць звальненне з прадпрыемства… Хопіць на гэта сілы духа ў Міхаіла Орды? Пажывём – пабачым.

РР: На ваш погляд, ці складана ў сёняшніх умовах кіраваць Федэрацыяй афіцыйных прафсаюзаў?

Уладзімір Ганчарык: Калі працягваць тую лінію, якая была пры мінулым кіраўніцтве, то нічога складанага – займайся гаспадарчай дзейнасцю і маёмасцю, якая ёсць у распараджэнні прафсаюзаў, – і ўсё. А, калі сур’ёзна працаваць над тымі пытаннямі, якія і павінны клапаціць прафсаюзы, то вельмі складана. Бо і ў працоўных калетывах многія рабочыя незадаволеныя, і зверху – такія ж… Прафсаюзы заўсёды павінны знаходзіцца паміж молатам і кавадлай, а не бегаць на ланцужку, які раз-пораз тузае дзяржава.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя