Больш за 20% менскіх арганізацый стратныя



Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Менска, колькасць стратных арганізацый сталіцы ў студзені—чэрвені 2017 года ў параўнанні з першым паўгоддзем 2016-га вырасла з 306 да 311, або на 1,6%, а іх удзельная вага — з 20,1 да 20, 5%.

Чысты прыбытак арганізацый склаў 2 млрд 28,4 млн рублёў, што ў 2,7 разу больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 2 млрд 481,2 млн (у 2,2 разу больш).

Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 8,8% да 2 млрд 537,7 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажу за шэсць месяцаў гэтага года склала 8,9% супраць 8,7% у студзені—чэрвені 2016 года, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 11,4% супраць 11,2%. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый краіны ў наяўных цэнах склала 28 млрд 435,6 млн рублёў, або на 6,3% больш, чым у студзені—чэрвені 2016 года.

Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за першае паўгоддзе 2017 года павялічыўся на 6,9% да 22 млрд 183,8 млн рублёў.

На думку кіраўніка Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслава Раманчука, хранічна стратныя прадпрыемствы не маюць права на існаванне. „Трэба прызнаць факт, стварыць камісію, якая магла б частку мёртвага капіталу ажывіць і пусціць у іншыя праекты”, — перакананы ён. Праблемных прадпрыемстваў, заявіў эканаміст, значна больш, чым афіцыйна стратных. Многія з іх працуюць з рэнтабельнасцю ніжэйшай за 5%. „Іх не трэба накіроўваць на давернае кіраванне, а зрабіць прыватнымі ў надзеі на тое, што інвестары паспрабуюць іх рэанімаваць і на іх базе стварыць новыя вытворчасці. Іншага не дадзена”, — лічыць Раманчук.

belapan.com