Каго хочуць бачыць сваім бургамістрам жыхары Сямятычаў?
За пасаду бургамістра Сямятычаў будуць змагацца тры кандыдаты. Пётр Марыюш Радзішэўскі – першы бургамістр Сямятычаў пасля дэмакратычных пераменаў у Польшчы, цяперашні намеснік старасты павету Анджэй Каханьскі і цяперашні бургамістр Пётр Сіняковіч. Усё яны мелі нагоду праявіць сябе ў мясцовым самакіраванні. Гавораць жыхары Сямятычаў:
– Я за таго бургамістра, што зараз, ён мне па-просту падабаецца. І шмат чаго добрага зрабіў.
– Я за Пятра Сіняковіча. Няхай ён яшчэ папрацуе на пасадзе бургамістра.
– Пётр Сіняковіч – добры бургамістр. І, думаю, што ён пераможа ўжо ў першым туры.
Пётр Марыюш Радзішэўскі – кандыдат ад выбарчага камітэта „Самаўрадавае народнае паразуменне”. Анджэй Каханьскі ад партыі „Закон і справядлівасць”, а Пётр Сіняковіч ад выбарчага камітэта „Разам для Сямятычаў”.
Выбары ў мясцовае самакіраванне ў Польшчы ўжо 16-га лістапада.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Gazeta Olsztyńska