Леанід Судаленка: У беларускім заканадаўстве шмат прабелаў



Канстытуцыйны Суд лічыць беларускае заканадаўства дастатковым для выканання рашэнняў, якія прымаюцца ў Жэневе. Пра гэта сакратарыят суда паведаміў старшыні арганізацыі «Пакту» Міхаілу Пастухову па выніку разгляду звароту праваабаронцаў, створанага ў сувязі з невыкананнем ў краіне рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН.

Нагадаем, старшыня стваранага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Пакт» Міхаіл Пастухоў разам з выканаўчым дырэктарам Леанідам Судаленкам звярнуліся з ініцыятыўным зваротам у Канстытуцыйны Суд, дзе ўзнялі пытанні сістэматычнага невыканання ў краіне рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека:

– У беларускім заканадаўстве ёсць прабелы, таму што няма закона, паводле якога было б рэгламентавана як унутры краіны павінны выконвацца рашэнні Камітэту па правах чалавеку ААН. Мы атрымалі адказ, што артыкулы 44 і 45 Закона аб Міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь як быццам бы ўсе гэтыя неадпаведнасці выкрэсліваюць. І прапісваюць, што адказным дзяржаўным органам за выкананне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь гэтых міжнародных дамоў з’яўляецца Міністэрства замежных спраў. Атрымліваецца такое замкнутае кола.

Выканаўчы дырэктар «Пакту» Леанід Судаленка адзначае фармальны характар разгляду іх ініцыятыўнага звароту ў Канстытуцыйным судзе, так як тут не далі адказаў на шэраг канкрэтных пытанняў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kc.gov.by