Веды для супольнай будучыні
З 15 па 17 верасня пройдзе сёмы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. У гэтым годзе ён змяніў сваю традыцыйную лакацыю.
Раней сустрэчы праходзілі ў літоўскім Коўне, але ў гэтым годзе ўпершыню будуць ладзіцца ў сталіцы Польшчы – Варшаве. Арганізатары спадзяюцца, што змена месца таксама паспрыяе і з’яўленню новых тэмаў у навукоўцаў, распавядае доктар палітычных навук ды каардынатар Кангрэсу Андрэй Казакевіч:
– Кангрэс традыцыйна будзе праходзіць па вельмі шырокім спектры тэмаў, якія будуць ахопліваць практычна ўсе сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны – ад эканомікі да лінгвістыкі. Натуральна, знайсці нейкую агульную тэму, якая б аб’ядноўвала каля 600 даследчыкаў, якія прымуць удзел у кангрэсе, складана.
Зразумела, што некаторыя тэмы зараз выклікаюць большую цікавасць. І ў гэтым годзе гэта перш за ўсё звязана з юбілейнымі датамі ў беларускай гісторыі. Гэта, вядома, юбілей беларускага кнігадрукавання, выхад Бібліі Скарыны ў 1517 годзе. І будзе падрабязна разгледжана праблема перакладаў Бібліі на беларускую мову. Досьвед кнігадрукавання, традыцыя кніжная. Акрамя гэтага будуць закранацца ўвогуле праблемы Рэнесанса як эпохі, як культурнага феномену ў беларускай гісторыі. Яго ўплыў на сучасную беларускую культуру і гісторыю, значэнне Рэнесанса ў ВКЛ.
Таксама гэты год юбілейны ў сувязі з Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 года. Гэта таксама значна паўплывала на характар многіх выступаў. Будзе шмат увагі надавацца праблемам гвалту і насілля ў Беларусі ў 20-м стагоддзі. Феномену савецкай ўлады, савецкага тэрору, савецкай ідэнтычнасці для сучаснай Беларусі. Асобныя панэлі будуць прысвечаны такім тэмам як Першы ўсебеларускі народны сход, Брэсцкі мір, – адным словам, увесь комплекс, звязаны з тымі падзеямі, якія былі выкліканы Кастрычніцкай рэвалюцыяй.
Будуць разглядацца і іншыя тэмы, у прыватнасці, калі мы кажам пра сацыяльна–палітычныя дысцыпліны, будуць закранацца праблемы мігацыі, дэмаграфіі, беларускай ідэнтычнасці. Асобная панэль будзе прысвечана “Рускаму свету” і яго новаму ўплыву на наш рэгіён, перш за ўсё праз медыя, праз прапаганду.
Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ўпершыню прайшоў у 2011 годзе. Ініцыятарамі яго правядзення выступілі Інстытут «Палітычная сфера», Інстытут Вялікага Княства Літоўскага і Універсітэт Вітаўта Вялікага.
Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск