Паказ фільма “Беларускія спевы” ў Беластоку



“Беларускія спевы” – дакументальны фільм польскага рэжысёра, які прэзентуюць у рамках праекта “Тэатральныя асновы: Оскар Кольберг-2014”, які праходзіць у памяць пра выдатнага польскага фалькларыста і кампазітара ў драматычным тэатры імя Венгеркі ў Беластоку. Пра рэжысёра і даследчыка фальклора, аўтара фільма “Беларускія спевы” кажа Роберт Васілеўскі з гурта “Транскапела”, адзін з арганізатараў імпрэзы.

–         Анджэй Бянькоўскі – артыст і адначасова навуковы супрацоўнік, этнограф. І гэта ён у большай ступені  захоўвае ад забыцця не толькі польскую музыку. Бо цяпер выходзіць яго кніжка, прысвечаная спатканню з Беларуссю, беларускім спевам. Ён пра гэта будзе казаць, таксама будуць гучаць песні і пройдзе паказ фільма.

А таксама акцёры беластоцкага театра заспяваюць па-беларуску народныя песні. У рамках праекта пройдзе адмысловы майстар-клас – паведаміла суарганізатарка імпрэзы Эва Васілеўская.

–         У межах праекта пройдуць майстар-класы, у тым ліку са Святланай Будзько, якая прыедзе да нас з Беларусі, з Менска. Яна будзе вучыць акцёраў беламу спеву. Таксама ў межах гэтага майстар-класа ўдзельнікаў пазнаёмяць з беларускімі песнямі, якія яны паспрабуюць спяваць па-беларуску.

Сустрэчы пройдуць у Беластоцкім драматычным тэатры 25 кастрычніка. Між іншым, у рамках праекта ў гэты дзень запланаваны майстар-класы па традыцыйных танцах, дыскусія, сярод удзельнікаў якой беларускі гісторык Алег Латышонак, прэм’ера спектакля пра вясковае жыццё “Гугулы”, канцэрт гурта «Транскапела». Падрабязную інфармацыю знойдзем на сайце драматычнага тэатра ў Беластоку.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tudyinbialystok.pl