Буйны пажар у Растове-на-Доне: ёсць пацярпелыя (абноўлена)
Пажарныя лакалізавалі ўзгаранне на плошчы каля 10 тыс. кв.м. у цэнтры Растова-на-Доне, паведамілі агенцтву „Інтэрфакс” у панядзелак у прэс-службе галоўнага ўпраўлення МНС Расеі па Растоўскай вобласці.
„Лакалізацыя пажару адбылася ў 18:53 мск. Па папярэдніх дадзеных, па медыцынскую дапамогу звярнуліся 45 чалавек. Сем з іх шпіталізаваны з апёкамі і атручваннем прадуктамі гарэння ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. Яшчэ 38 пацярпелым дапамога аказана амбулаторна”, – сказаў суразмоўца агенцтва. Раней паведамлялася, што з зоны ўзгарання эвакуявана 650 чалавек. Разгорнутыя шэсць пунктаў часовага размяшчэння ўмяшчальнасцю больш за 700 чалавек.
У горадзе ўведзены рэжым НС.
Працуе аператыўны штаб па ліквідацыі наступстваў узгарання, праводзіцца эвакуацыя жыхароў з шматпавярховых дамоў, размешчаных па вуліцы Ніжагародскай.
* * *
Гараць каля 30 дамоў, паведамляюць у рэгіянальным МНС. Паведамляецца пра 27 пацярпелых, восем чалавек шпіталізаваныя з апёкамі, паведамленняў аб ахвярах пакуль няма. Улады кажуць, што пажар пачаўся ў закінутых дамах. Ратавальнікі эвакуіравалі 560 чалавек.
Шэсць кварталаў, якія знаходзяцца ў зоне пажару, адключаныя ад газу і электрычнасці. Да тушэння пажару прыцягнутыя 437 чалавек і 212 адзінак тэхнікі. У тушэнні пажару задзейнічаны восем верталётаў МНС і самалёт-амфібія Бе-200.
Плошча пажару павялічваецца. У 15:30 на сайце абласнога МНС паведамлялася, што плошча пажару – 5 тыс. кв. м. Па дадзеных ГУ МНС на 17:08, плошча ўзгарання ўзрасла да 10 тыс. кв. м, перадае ТАСС.
У горадзе быў уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі.
ГУ МУС Расеі па Растоўскай вобласці праводзіць праверку па факце пажару. Пра гэта РБК паведамілі ў прэс-службе кіравання. На сайце абласнога МУС паведамляецца, што «супрацоўнікі паліцыі прымаюць удзел у ліквідацыі пажару».
Пакуль невядома, што магло стаць прычынай пажару. Крыніца ТАСС у праваахоўных органах паведаміла папярэднюю версію ўзгарання. «З-за кароткага замыкання загарэлася бытавая тэхніка ў адным з дамоў, з-за моцнага ветру пажар імкліва распаўсюдзіўся».