У Беларусі плануецца спрасціць сістэму бухгалтарскага ўліку для фермераў



У Беларусі плануецца спрасціць сістэму бухгалтарскага ўліку для фермераў, паведаміла 21 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік аддзела рэфармавання прадпрымальніцтва і малых форм гаспадарання Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Занько.

Паводле яе слоў, ва ўрад на разгляд накіраваны адпаведны ўказ прэзідэнта. Праектам прадугледжана даванне права выбару сістэмы вядзення бухгалтарскага ўліку — або на агульных падставах, або з дапамогай вядзення адпаведных бухгалтарскіх кніг.

Яна патлумачыла, што для гэтага вызначаны крытэрыі гаспадарак, у прыватнасці колькасць працуючых не павінна перавышаць 15 чалавек. Ёсць абмежаванні і па аб’ёме вырабленай прадукцыі.

Адказваючы на пытанне, якім чынам фермерскім гаспадаркам вылучаюць зямельныя ўгоддзі, яна сказала: „Землі выдзяляюцца з фонду запасу. Калі ён па нейкай прычыне адсутнічае, хоць такога практычна няма, то і даць няма чаго. Можа быць і сітуацыя, калі землі знаходзяцца не ў патрэбным для фермера месцы, хацелася б бліжэй да месца пражывання, а бывае, што выдзяляюцца аддаленыя ўчасткі. Але сказаць, што фермерам адмаўляюць, я не магу”.

Спецыяліст таксама адзначыла, што рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў фермераў вышэйшая, чым у буйных гаспадарак, і складае па выніках мінулага года 17,8%. Чысты прыбытак павялічыўся з 518,9 млрд недэмінаваных рублёў у 2015 годзе да 64,1 млн дэнамінаваных у 2016-м. Аб’ём вытворчасці вырас у 2016-м годзе на 14,6% супраць 3,3% у цэлым па АПК. Колькасць стратных прадпрыемстваў склала 11,7%. У структуры прадукцыі вырошчванне бульбы і гародніны займае 56%, збожжавых — 11,6%, тэхнічных культур — 3,9%, садавіны і ягад — 7,4%, іншай прадукцыі раслінаводства — 10,3%, вырошчванне жывёлы і птушкі — 7,2%, вытворчасць малака — 3%, яек — 0,1%, іншай прадукцыі жывёлагадоўлі — 0,5%.

„Фермеры — гэта прыватнікі, у асноўным гэта сямейны бізнес, і да яго адпаведнае стаўленне. Ёсць зацікаўленасць у развіцці і атрыманні большага прыбытку”, — адзначыла Занько.

Паводле яе слоў, фермерскія гаспадаркі маюць права займацца любой дзейнасцю, у тым ліку і перапрацоўкай прадукцыі, транспартна-лагістычнымі паслугамі, рамонтам і абслугоўваннем тэхнікі.

Пры гэтым яна адзначыла тэндэнцыю па зніжэнні ролі асабістых падсобных гаспадарак. „На 1 студзеня налічвалася 997 тыс. Пасяўная плошча скарацілася ў параўнанні з 2015-м на 2,1%. Скарачэнне ідзе пагалоўя буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі”, — адзначыла прадстаўнік Мінсельгасхарча.

Яна звязвае гэта з даступнасцю прадуктаў харчавання для сельскага насельніцтва і адсутнасцю неабходнасці займацца працаёмкай падсобнай гаспадаркай.

belapan.by