У Варшаве абмяркуюць расейска-беларускія ваенныя вучэнні
У чацвер 24 жніўня ў Варшаве прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг абмяркуюць пытанне беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2017». Сустрэча пройдзе ў варшаўскім прэзідэнцкім палацы Бельведэр, паведаміў кіраўнік Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі.
Першапачаткова сустрэча будзе праходзіць у фармаце «два на два», пазней да перамоў далучацца міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі і кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Павал Солях. Асноўнымі тэмамі перамоў паміж Дудам і Столтэнбергам будзе пытанне рэгіянальнай бяспекі, а таксама беларуска-расейскія манеўры «Захад-2017», якія пройдуць у Беларусі з 14 па 20 верасня.
Паводле Шчэрскага, Енс Столтэнберг падчас візіту наведае таксама месцы дыслакацыі сіл НАТА ў Польшчы. Перад гэтым прэзідэнт Польшчы і генеральны сакратар НАТА правялі перамовы падчас саміту альянсу напрыканцы траўня ў Бруселі.
Беларускае Радыё Рацыя