Слесар БЧ больш за паўгады дабіваецца справядлівасці на працы



Слесар па рамонце рухомага саставу Берасцейскага аддзялення Беларускай чыгункі „Берасце-Цэнтральнае 2” Рыгор Лук’янчук больш за паўгады дабіваецца справядлівасці на працы. БЧ пагоршыла ўмовы працы частцы рабочых і панізіла заробкі.

Новы графік працы, калі рабочыя працуюць дзве ночы запар, не дае магчымасці адпачыць да чарговай змены. Пры гэтым яны на кожнай начной змене страчваюць 5% заробку ў параўнанні з тымі, хто выконвае такую ж працу па старым графіку. Лук’янчук звярнуўся да кіраўніцтва і пачаў патрабаваць вярнуць стары графік.

Паскардзіўся ў Берасцейскую інспекцыю працы. Непасрэднае кіраўніцтва рабочага атрымала папярэджанне, а шукальнік справядлівасці быў пераведзены толькі на дзённыя змены, што зменшыла ягоны заробак яшчэ больш. Прыйшлося звярнуцца са скаргай ў абласны выканаўчы камітэт. Адказ адтуль шакаваў, кажа Рыгор Лук’янчук:

– У гэтай заяве было пазначана, што пасля працы ноч у ноч быў адпачынак паўтра сутак, а пасля зноў ноч у ноч. Заробак не як слесара, заробак прайшоў як сторажу. Праз месяц узялі ўтрымалі ў мяне, напрыклад, 50 рублёў. Прыйшоў адказ ад Берасцейскага выканаўчага камітэта: „У дадзенай сітуацыі ўсё правільна”.

„Тады за што было вынесена папярэджанне непасрэднаму начальству?”, – здзіўляецца Лук’янчук. З гэтым адказам ён вырашыў пайсці на прыём да старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце