Жыллёвае будаўніцтва ў Беларусі за паўгода знізілася на 12%



У студзені—ліпені 2017 года ў Беларусі арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавана 24,5 тысяч новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 2 мільёны 95,9 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля, на 7,8% менш, чым за аналагічны леташні перыяд.

Паводле звестак Белстата, у ліпені пабудавана 179,4 тысяч квадратных метраў, што на 40,5% менш, чым у ліпені 2016 года, і ў 1,6 раза менш, чым у чэрвені 2017-га.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, у студзені—ліпені ўведзена ў эксплуатацыю 700 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы, або 33,4% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 311,1 тысяч квадратных метраў (на 44,4% менш, чым у студзені—ліпені 2016-га), у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 389,6 тысяч квадратных метраў.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 590 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля, або 28,2% агульнага ўводу.

У 2016 годзе ўведзена ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання 4 мільёны 285,7 тысяч квадратных метраў жылля — на 15,2% менш у параўнанні з 2015 годам.

У 2017 годзе плануецца пабудаваць 3,5 мільёны квадратных метраў жылля. Фінансаванне з усіх крыніц складзе 3,7 мільярда рублёў. Ва ўрадзе разлічваюць, што гадавая праграма будаўніцтва жылля будзе на 77% прафінансаваная ўласнымі сродкамі насельніцтва.

Як раней заявіў БелаПАН начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль, аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва залежаць не ад будаўнікоў, а ад фінансавання. Вытворчая будаўнічая база дазваляе ўзводзіць 10 мільёнаў квадратных метраў жылля на год. „Будзе больш грошай, будзем больш будаваць”, — сказаў прадстаўнік Мінбудархітэктуры. Ён разлічвае на рост жыллёвага будаўніцтва ў будучыні за кошт распаўсюджвання новых фінансавых інструментаў — іпатэкі і жыллёвых зберажэнняў.

БелаПАН