Вершы на сценах будынкаў у цэнтры Магілёва



У Магілёве рэалізаваны праект стрыт-арту „Вершы на сценах”, у рамках якога сем вершаў на беларускай мове з ілюстрацыямі ўпрыгожылі сцены будынкаў у цэнтры Магілёва.

Праект размяшчэння вершаў на сценах будынкаў быў задуманы і распрацаваны выпускнікамі Школы гарадскіх ініцыятыў „Цяпліца”, арганізаванай Цэнтрам гарадскіх ініцыятыў (ЦГІ). Ён быў прэзентаваны 1 красавіка і першапачаткова называўся „Слова на сцяне/След на асфальце”. Пасля адна частка праекта „След на асфальце” ператварылася ў „Танцы на асфальце” і была рэалізавана раней, а рэалізацыя другой, якая стала „Вершамі на сценах”, пачалася ў сярэдзіне ліпеня.

„Галоўнай мэтай было стварыць новыя арт-аб’екты ў горадзе, а таксама папулярызаваць нашу беларускую мову. Мы бачым, што ў Магілёве мала беларускіх шыльдаў, назваў. І праект таксама закліканы пашырыць прастору беларускай мовы”, — заявіў сёння на прэзентацыі стрыт-арт-праекта кіраўнік ЦГІ Юрый Стукалаў.

Па словах арганізатараў, вершы падбірала каманда з 15 чалавек. Яны палічылі найбольш цікавымі і прыдатнымі для размяшчэння творы Алеся Разанава, Яўгеніі Янішчыц, Ларысы Геніюш, Максіма Багдановіча і Віталя Рыжкова. Было адабрана 12 вершаў. Месцы іх размяшчэння і тэксты ўзгодненыя з мясцовай уладай. „З боку чыноўнікаў ніякіх перашкод не было”, — сцвярджае Стукалаў.

Паводле яго слоў, сем вершаў з 12 былі намаляваныя ў сілу магчымасцяў як арганізатараў, так і мастачак-аматарак, якія займаліся гэтым у свой вольны час. „Нам узгаднілі ўсе 12 вершаў, але мы з-за сваіх магчымасцяў зрабілі толькі сем. Гэта вельмі цяжка. Апошні верш, напрыклад, мастачка малявала пяць дзён”, — адзначыў кіраўнік ЦГД.

„Мне крыху няёмка, бо, паклаўшы руку на сэрца, я яшчэ не дарос да ўшанавання. І мне вельмі шкада, што сярод выбраных паэтаў няма такіх нашых суайчыннікаў, як Аркадзь Куляшоў ці Аляксей Пысін, або Міхась Стральцоў”, — заявіў на прэзентацы ўраджэнец Магілёва Віталь Рыжкоў, які цяпер жыве ў Мінску. „Мая прапанова — маляваць вершы Аляксея Пысіна на вуліцы яго імя, каб некаторыя людзі не прасілі яе перайменаваць і разумелі, чаму яна так названая”, — сказаў малады паэт.

Юрый Стукалаў падтрымаў прапанову Рыжкова, паведаміўшы, што ёсць ідэя ў наступным годзе ствараць падобныя стрыт-арт-аб’екты ў спальных раёнах на вуліцах, названых імёнамі беларускіх паэтаў.

belapan.by

Фота horki.info