Скарацілася будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай



У Менску ў студзені—ліпені 2017 года арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавана 5.511 новых кватэр (у студзені—ліпені 2016 года — 6.095). Уведзена ў эксплуатацыю 374 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, паведаміла галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.

Аб’ём жыллёвага будаўніцтва ў параўнанні з леташнім аналагічным перыядам знізіўся на 16,3%.

Для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку тых, хто маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у студзені—ліпені 2017 года ўведзена ў эксплуатацыю 50,8 тыс. кв. м, або 13,6% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку тых, хто маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пабудавана: з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі — 18 тыс. кв. м (42,4% ад леташняга паказчыка, або ў 2,4 разу менш); у шматкватэрных жылых дамах — 48,8 тыс. кв. м.

Як паведамлялася раней, сёлета ў Менску плануюць пабудаваць 644 тыс. кв. м жылля, у тым ліку 160 тыс. — для тых, хто маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. 67 тыс. кв. м будуць пабудаваныя з дзяржпадтрымкай, 7 тыс. — арэнднага жылля, 45 тыс. — для шматдзетных сем’яў.

Масавае жыллёвае будаўніцтва ў 2017 годзе будзе весціся ў асноўным у раёне вёскі Сухарава, у мікрараёнах Лошыца, Зялёны Бор, на тэрыторыі былых вайсковых частак (у Масюкоўшчыне, на вуліцы Кабушкіна).

На 1 студзеня 2017 года ў чарзе тых, хто маюць патрэбу, было 208,5 тыс. сем’яў.

Летась ў сталіцы было ўведзена ў строй 777,2 тыс. кв. м жылля, што на 24,9% менш, чым у 2015 годзе.

belapan.com