Рабочыя Белаазёрска чакаюць дапамогі ад кіраўніка краіны
У Белаазёрскім гарадскім Доме культуры адбыўся сход работнікаў „Энергамеханічнага завода” пасля калектыўнага звароту да кіраўніка дзяржавы. У звароце людзі прасілі дапамогі.
Завод у катастрафічным стане. Людзей перавялі на трохдзённы працоўны тыдзень. Заробкі мізэрныя. На сход прыехала кіраўніцтва ад рэспубліканскага да раённага ўзроўню. Зала на 500 месцаў была запоўнена цалкам.
Перад рабочымі выступіў намеснік міністра міністэрства энергетыкі Вадзім Закрэўскі. Ён праўдзіва апісаў як стан завода, так і энергетычнай сістэмы наогул:
– Дабаўленая вартасць не можа пакрыць тыя крэдыты, якія мы ўзялі. І гэта дрэнна. Канкурэнтаздольнасць прадпрыемства і якасць прадукцыі невысокія. І мы з вамі паціху дэградуем. Вы гэта разумееце ці не?
Па словах Вадзіма Закрэўскага, іншага шляху няма, як выдзеліць больш пасьпяховы ліцейны цэх, яго прадаць, каб захаваць гаспадарчае таварыства ААТ “Белаазёрскі энергамеханічны завод”. Далей на астатнюю гаспадарку энергамеханічнага завода шукаць інвестараў. Калектыў захаваецца.
На заводзе працуе каля 700 чалавек. Нягледзячы на нізкія заробкі, людзі трымаюцца сваіх месцаў, бо ў невялікім Белаазёрску няма альтэрнатывы.
– Хацелася б застацца на працы. Хто ведае што будзе, калі з’явіцца расейскі інвестар?
– Я ў мінулым месяцы атрымаў 200 рублёў. У гэтым – 150. Як мне жыць?!
Актывіст кампаніі “За наш горад” і намеснік старшыні Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў лічыць адказным за ўсе правалы на заводзе асноўнага інвестара, які мае больш за 60 % акцый, – Міністэрства энергетыкі.
Увесь бюракратычны апарат ад рэспубліканскага да раённага ўзроўню гэтай сістэмы атрымлівае заробкі з бюджэта, а не з даходаў прадпрыемства. Адсюль мільённыя ў даляравым эквіваленце дамы ў Драздах і заможнае жыццё ў кіраўнікоў. Народ пакінуты на выжыванне:
– Заробкі тут апошнім часам 120-150 рублёў. У нас мінімальны спажывецкі бюджэт 263 рублі. Гэтым людзям не забяспечваюць нават мінімальны спажывецкі бюджэт на дзяржаўным узроўні.
Людзі не вераць чарговым абяцанкам вышэйшага начальства, што ўсё будзе добра і яны пакінуты дзяржавай не будуць.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Белаазёрск
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.