Студэнтаў Польшчы і Беларусі аб’яднала Гародня



Інтэграцыйныя сустрэчы,  прысвечаныя ролі ракі Нёман, а таксама звязаныя са шматкультурнасцю і жыццём ў памежжы адбываюцца  цягам тыдня на Гарадзеншчыне. На спатканні з Польшы і Беларусі сабралася больш за тры дзясяткі студэнтаў і ліцэістаў. Моладзі  ўдалося пабываць ў Лідзе ды Наваградку, у Любчы і на Аўгустоўскім канале, пазнаёміцца з цікавымі гарадзенцамі, такімі як Аляксей Пяткевіч і Уладзімір Рунге.

Каардынатарам сустрэчаў з беларскага боку з’яўляецца знакаміты гісторык Генадзь Семянчук:

– У гэтым годзе праект прысвечаны традыцыям, ролі ракі Нёман у міжкультурных, міжнацыянальных і гістарчных кантактах і сувязях двух краінаў. 15 маладых людзей з Польшчы – ліцэісты і студэнты Беластоцкага ўніверсітэту – і 15 маладых людзей з Беларусі – школьнікі гарадзенскіх школаў і студэнты Гарадзенскага ўніверсітэта – разам праводзяць апытанне людзей пад контам менавіта шматкультурнасці і праблематычнасці гістарычных лёсаў.

Для гарадзенскага студэнта Антося Шаранкевіча  сустрэча з польскімі студэнтамі і падобныя варштаты з’яўляюцца спосабам наладжвання будучых сяброўскіх адносін:

– Такія сустрэчы і выезды, інтэграцыя са студэнтамі і школьнікамі з Польшчы – гэта вельмі файна для нас і для іх, бо праходзіць своеасаблівая інтэграцыя не толькі як вывучэнне мовы, знаёмства з сябрамі-калегамі з іншай краіны і іх жыццём, але таксама і наладжванне сяброўскіх адносін.

Арганізатарамі сустрэчаў на Гарадзеншчыне з’яўляюцца гарадзенскі Цэнтр гарадскога жыцця і беластоцкае аб’яднанне  Fontis et Futura.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня