Грунтоўнае даследаванне пра Сынковіцкую царкву



У менскім выдавецтве “Чатыры чвэрці” выйшла з друку ўнікальная кніга Паўла Бубнова на рускай мове “Крэпасць духу: гісторыя і сучаснасць прыхода Архістратыга Міхаіла ў Сынковічах”. Такога грунтоўнага і прыгожага выдання пра гісторыю Сынковіцкай царквы Зэльвенскага раёна  ў гісторыі Беларусі яшчэ не было.

Кніга вельмі прыгожа аформлена і аздоблена старымі, рэдкімі і сучаснымі фотаздымкамі. Яна складаецца з некалькіх раздзелаў. У галоўнай частцы выдання чытачы пазнаёмяцца з раней вядомымі і новымі крыніцамі па гісторыі Сынковіцкага храма, а таксама з працамі тых, хто вывучаў гісторыю ў XIX – пачатку XX стагоддзяў. У другой частцы кнігі аўтар разглядае існуючыя тэорыі ўзнікнення храма і робіць новыя перадумовы па гэтаму пытанню. У трэцяй частцы кнігі апісана гісторыя храма і прыхода з моманту яго заснавання да 1915 года. А ў наступнай частцы аўтар разглядае гісторыю Сынковіцкай царквы з 1915 да 1959 гадоў. І ў апошняй частцы выдання распавядаецца пра адраджэнне храма і прыходскага жыцця з 1990 года і да нашых дзён.

Надрукаваны ў кнізе і дадатак, куды ўвайшлі поўныя тэксты найбольш цікавых дакументаў і публікацый па гісторыі храма ў Сынковічах.

Першая прэзентацыя кнігі пра славуты беларускі храм адбудзецца ў суседняй з Сынковічамі вёсцы Елка Зэльвенскага раёна ў пятніцу, 25 жніўня, у будынку аддзела па арганізацыі культурна-адпачынкавай дзейнасці жыхароў аграгарадка Елка.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён.