Валянцін Голубеў: Калі прымалася Дэкларацыя, апазіцыя абдурыла наменклатурную большасць!



Наш сённяшні герой у 90-х перыядычна выступа на тагачасных парламенцкіх трыбунах пад час мітынгаў. Зараз яго ведаюць у краіне і за яе межамі як навукоўцу. Валянцін Голубеў стаў вядомым пасля таго, як па запрашэнні Зянона Пазьняка ўступіў у Беларускі Народны Фронт і з першай спробы стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 склікання, дзе каардынаваў дзейнасць фракцыі апазіцыі БНФ. У 1995 быў удзельнікам дэпутацкай галадоўкі супраць сумна вядомага рэферэндуму Лукашэнкі. Пасля абараніў доктарскую дысертацыю. Стаў першым, хто атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі. Выкладаў у 5 польскіх універсітэтах. Цяпер прафесар, загадчык аддзела гісторыі сярэдніх вякоў Інстытута гісторыі НАН:

РР: Роўна 26 год таму набыла канстытуцыйную сілу Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Дзе было заяўлена “вяршэнства народу ў вызначэнні свайго лёсу”. А таксама краіна была абвешчана суверэннай дзяржавай з правам на самавызначэнне і дзяржаўнасць беларускай мовы. Я тады быў парламенцкім карэспандэнтам забароненай уладамі радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” і памятую як з калёс, часам начамі рабіліся дакументы, бо час прыспешваў дзейнічаць імкліва. І тое, як Вы літаральна выскоквалі на трыбуну, не прапускаючы ніводнага выпаду і даючы адказ “наменклатурна-паслухмянай большасці”…

Валянцін Голубеў: Прыняцце Дэкларацыі падахвоціла палітычная неабходнасць. Выйшлі з Саюза і прынялі уласныя падобныя дакументы краіны Балтыі, Расея і Україна. Гэта дало магчымасць дэмакратычным сілам настойваць – а мы што, апошнімі ў СССР застанемся?! Па просьбе Зянона Пазьняка за адну ноч зрабіў першы накід прэамбулы, мы яго абмеркавалі ў славутым апазіцыйным 306 пакоі і раздалі ўсім дэпутатам. Тым часам, тагачасны спікер Мікалай Дземянцей быў выкліканы ў Маскву да Гарбачова. Вярнуўшыся, “жыва” расказваў – “вы знаеця, так харашо, што ў мяне этат праект аказаўся, сказал, што Беларусь тожа работает!” Пасля было эмацыянальнае абмеркаванне, таму што апазіцыя была супраць, каб у Дэкларацыі быў выраз, што ”Беларуская ССР выступае за распрацоўку і падпісанне новага саюзнага дагавора”.

РР: Але пікантнасць сітуацыі заключалася ў тым, што, у выніку, апазіцыя абдурыла наменклатурную большасць, што увогуле не хацела прымаць суверэнітэт. Але пачуўшы, што “ворагі”, нібы, “супраць”, тут жа дружна “назло” прагаласавала “за”…

Валянцін Голубеў: Насамрэч, мы ўсе стаялі за кулісамі, глядзелі тэлетрансляцыю ды моцна перажывалі – а раптам не хопіць аднаго-двух галасоў! Ну а пытанне з “саюзнай дамовай” вырашыла Яе Вялікасць Гісторыя…

РР: Вам, як аднаму з аўтараў, якія палажэнні Дэкларацыі найбольш дарагія ды істотныя?

Валянцін Голубеў: Усе! Сам тэрмін “суверэнітэт” азначае вяршэнства дзяржавы ва ўсіх справах ва ўнутранай і знешняй палітыцы. А ў існуючай тады Канстытуцыі адназначна гаварылася, што цэнтр палітычнай і эканамічнай улады ў Маскве. Калі ж мы надалі Дэкларацыі статус канстытуцыйнага закона, што быў прыняты пазней, яна аўтаматычна стала вышэй за Канстытуцыю.

РР: Вы не толькі былі каталізатарам прыняцця Дэкларацыі. Нагадаю, што ў часе галадавання дэпутатаў апазіцыі БНФ перад правядзеннем лукашэнкаўскага рэферэндуму першы пачулі бразганне зброі і закрычалі “Увага” Аўтаматчыкі!”, абудзіўшы ўсіх. Наколькі трагічны быў бы далейшы сцэнарый, каб гэтага не адбылося?

Валянцін Голубеў: Яны прыйшлі яшчэ і з рукзакамі хімічнай абароны. Напусціўшы ўсыпляльнага газу, можна было б зрабіць публічную камедыю, змантаваўшы ўсё, што заўгодна з нас у сне ў непрывабным выглядзе. Што і рабілі пасля ўсякія Азаронкі. Я тады яшчэ паспеў паведаміць пра падзеі журналістам Польскага радыё і Эўропа адразу ведала, што адбываецца ў Авальнай зале.

РР: Вернемся ў 2017. Дэкларацыя “прадэклараваная”, але атрымалася не тая, як хацелася аўтарам…

Валянцін Голубеў: Уласна, дзяржава адбылася – калі глядзець на атрыбуты. Што маем з таго, што не жадалася? Найперш – занадта цесны саюз, аж да залежнасці, з усходнім суседам. Я не супраць, але “за” нармалёвыя, нават шчыльныя стасункі і з тае ж Расеяй, Латвіяй, Літвой, Украінай ды Польшчай. Але яны не павінны быць “супраць” кагосьці! Як дзяржава, мы толькі тады можам пачуваць добра, калі добра жывём з суседзямі.

РР: Але Кебіч з Шарэцкім здалі б Беларусь Расеі?

Валянцін Голубеў: Думаю, яны б гэта пад крамлёўскім прымусам зрабілі б. Лукашэнка нарабіў шмат чаго, што мне не хацелася б, для арганізацыі ўнутранага жыцця, дый у адносінах з Захадам, Польшчай, тае ж Расеяй. Хоць нельга адназначна ацэньваць тое, што адбылося за мінулыя дзесяцігоддзі. Магчыма, дзякуючы існаванню саюзнай дзяржавы, Беларусь і змагла “выкруціцца” з надыходзячых эканамічных крызісаў. З іншага боку, толькі з-за існавання “саюзаў” Лукашэнку ўдалося так закансерваваць існуючую палітычную сістэму, што вылілася ў невыкананне палажэнняў Канстытуцыі. Дзяржава з парламенцкай ператварылася ў прэзідэнцкую. Адрынута палажэнне, што адзін чалавек можа займаць прэзідэнцкую пасаду не больш за два тэрміны. Ва ўсім свеце нездарма ёсць гэта традыцыя! За кіраўніком складваецца надалей цэлы шлейф “набліжаных” ды “павязаных” матэрыяльна дзяржаўных служачых, паплечнікаў, сяброў. Узнікаюць тыя самыя “мафіёзныя” карупцыйныя ці калякарупцыйныя схемы, тактыкі паводзін. Што мы й бачым зараз у палітычным, навуковым, эканамічным, журналісцкім асяродках.

РР: Да ўсяго гэта прывяло і да вымывання палітычнай эліты, што ўзнікла ў 90-х. Кажу не толькі пра забойствы Захаранкі-Ганчара-Красоўскага-Карпенкі. Вы самі ў адным з інтэрв’ю наракалі, што няма каго і вылучаць з дэмакратычнага асяродку ў прэзідэнты. Толькі і глядзі, што вырасце крон-прынц Коля і зменіць Рыгоравіча…

Валянцін Голубеў: Гэта і пытанне да тых людзей, што зараз называюць сабе апазіцыяй. Лічу, рэальнай структурнай апазіцыі ў краіне няма. Ёсць людзі, што працуюць на “палітычных” пасадах. На сёння ніхто не вылучыў такую ідэю, думку, што б зацікавіла і аб’яднала ЎСІХ. А гэта было ў 90-х – усеагульнае непрыманне камуністычнага рэжыму. І мы ў гэтым адзін аднаго ўвесь час падтрымлівалі – нават тады, калі штосьці нешта ў некім не падабалася. Зараз апазіцыянеры, выступаючы адзін супраць аднаго, па сутнасці, дапамагаюць змагаюцца супраць сябе тым, у каго гэта з’яўляецца працай – спецслужбам ды палітычным апанентам.

РР: Зусім канкрэтнае пытанне, што цікаваць многіх. Вы былі блізкім да Зянона Пазьняка, разам ствараючы БНФ. Зараз змянілася да яго стаўленне?

Валянцін Голубеў: Маё стаўленне да яго, як да паплечніка, палітыка, гісторыка, чалавека засталося нязменным. Хоць бачу, як мяняюцца да яго адносіны ў беларускім асяродку, грамадстве. Калі чалавек не прысутнічае ў палітычным, культурным жыцці дзяржавы – паціху, так бы мовіць, выпадае “з абоймы”. Застаецца, з аднаго боку, як сама гісторыя, з другога – як хтосьці, што існуе паралельна з Беларуссю за мяжой. Ён працягвае выказваць слушныя думкі, праграмы, але гэта адбываецца НЕ ТУТ. Я вельмі б хацеў яго вяртання…

Кракаў. Магіла Алеся Гаруна. 1992

РР: Вычытаў Вашы адказы на анкету, дзе, прынамсі на пытанне “кім з сучаснікаў захапляецеся” – адказалі “нікім”. А “што б найперш зрабілі, стаўшы кіраўніком Беларусі”, сказалі “не скажу”. Усё так дагэтуль?

Валянцін Голубеў: Абсалютна! Я нікім не захапляюся і не стаўлю сабе задачу стаць кіраўніком Беларусі. Зараз бяру ўдзел у стварэнні манаграфіі “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. Праца, што можа даць вынік большы, чым мітынгі ці адзінкавыя акцыі пратэсту. Трэба нешта, што магло б аб’яднаць людзей – бе-ла-ру-саў! Тады акурат зноў ўзнікне жаданне выйсці на вуліцы пад новымі ідэямі разам, з’явяцца і новыя лідары, новае жаданне радыкальных змен, якога зараз бракуе. Мы ж, гісторыкі, абавязаны зараз ў гістарычных падзеях шукаць найбольш выйгрышныя прыклады для нас, нашай будучыні, каб кансалідаваць грамадства, абудзіць жаданне мець сваю беларускую дзяржаву. “Праўладныя” калегі выкінулі зараз з падручнікаў паняцце “палітычная пазіцыя” Не задумваюцца, што надыдзе час, калі, скажам, у будучым парламенце будзе больш нацыянальна-дэмакратычных дэпутатаў – і тады гэтага “тэрміну” самым будзе не хапаць…

РР: Што Вы ўкладаеце ў паняцце “нацыянальная дзяржава”, пра што ў гэтым сэнсе марыце, як гісторык і чалавек?

Валянцін Голубеў: Нацыянальнай дзяржавы ў Беларусі пакуль няма. Але яе пабудова – задача найпершая. І пакуль мы не будзем гаварыць па-беларуску – гэта не будзе беларуская дзяржава. Калі на мове загаворыць кіраўнік дзяржавы, міністры і далей “па лесвіцы”, беларускае слова “раптам” прыгадаюць. А ўслед і бацькі, што хочуць добрага жыцця, перспектывы ў сваёй краіне для дзяцей. І самі стануць патрабаваць, як гэта было ў 90-х, адкрыцця беларускіх школ. Гэта і будзе нацыянальная ідэя для ўсіх, хто жыве тут. Пра гэта мару – каб Беларусь была не толькі па назве, але і па ўнутранаму зместу.

Валянцін Голубеў, Рыгор Барадуін і Васіль Быкаў

Пра адносіны суразмоўцы да вучэнняў “Захад02017”, а таксама да пагрозы закрыцця тэлеканала “Белсат” – у далучаным гукавым файле.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота з архіва суразмоўцы