Лявон Баршчэўскі: Мы хочам, каб ліцэісты паслужылі Беларусі



У рэдакцыі нашага радыё разам з прафесарам Лявонам Баршчэўскім пабывалі навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа:

РР: Як выглядае будучыня выпускнікоў ліцэя?

Лявон Баршчэўскі: Выпускнікі маюць магчымасць вучыцца далей у Беларусі, бо здаюць экзамены экстэрнам у дзяржаўнай сістэме, атрымоўваюць такі самы стандартны беларускі атэстат. У іх большыя магчымасці выехаць па розных праектах за мяжу. Шмат хто гэтым карыстаецца, я не скажу, што мы вельмі гэтым задаволеныя, але для нас важна не столькі дзе чалавек атрымае адукацыю, а каб ён потым вярнуўся і служыў Беларусі, рабіў справу беларускую, або нават калі за мяжой застаўся, не выпаў з беларускага кантэкста, рабіў нешта для Беларусі. Таму мы не агітуем дзе вучыцца, вучні робяць выбар самі, але магчымасцей такіх болей. Наша праграма больш дастасаваная да еўрапейскіх стандартаў, скажам так, зрэшты нашы дзеці здаюць сапраўды гімназіяльны іспыт у міжнароднай школе ў Гданьску.

РР: Ці шмат ахвотных вучыцца ў ліцэі?

Лявон Баршчэўскі: У нас конкурс, на жаль, мы не можам узяць усіх жадаючых. Умовы, у якіх працуе ліцэй у Беларусі, не дазваляюць нам браць большую колькасць людзей.

РР: Як выглядае падтрымка Польшчы?

Лявон Баршчэўскі: Польшча самая паслядоўная краіна ў гэтым сэнсе. У нас з рознымі краінамі былі праекты, кантакты, мы і ў Францыю выязджалі, у Літву, але Польшча самы надзейны партнёр, наш генеральны партнёр. Варшаўскі клуб каталіцкай інтэлігенцыі з канца 2004 года вельмі актыўна дапамагае, у тым ліку арганізоўвае выезды, летнія сесіі – галоўны арганізатар. Ёсць іншыя партнёры, напрыклад, ва ўладах горада Гданьска партнёры, фундацыі, якія дапамагаюць ажыццявіць такія паездкі.

РР: Чым для вас з’яўляецца Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа?

Лявон Баршчэўскі: Мы хочам, каб людзі выявілі сябе, як асобаў, а потым нечым паслужылі Беларусі. У нас вялікі спіс вельмі вядомых людзей, якія ўжо паспелі заслужыцца. Самы такі яскравы прыклад Глеб Лабадзенка з ягонымі курсамі „Мова нанова” – наш выпускнік. Мы хочам, каб кожны з нашых выпускнікоў потым рабіў беларускую справу. Гэта наша мэта, да якой мы імкнемся і будзем яе ажыццяўляць пакуль будзе магчымасць.

РР: 25 жніўня 1991 года – гэта дата зацвярджэння дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. Што гэты дзень значыць для вас?

Лявон Баршчэўскі: Гэты дзень быў днём цуду, бо ў класічнай паліталогіі не бывае такіх рэчаў, калі фракцыя, якая мае 10% галасоў, навязвае сваю прапанову астатнім 90%. Але ў сілу тых абставінаў, якія склаліся ў тыя дні, у сілу паразы маскоўскага путча і астатняга, удалося перацягнуць. Гэта адбылося ў другой палове дня, камуністычная большасць, якая дагэтуль упарта бараніла свае пазіцыі, раптам нас падтрымала. Гэты дзень быў вельмі ўрачысты, людзі са слязамі на вачах стаялі на плошчы, такога забыць немагчыма.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы