Справа 1935 г. “Неверагодныя прыгоды савецкага чэкіста і яго нявернай каханкі”
Сталінскія чэкісты заўсёды лічылі сябе “першымі пасля Бога” – калі пад богам, натуральна, разумець Вялікага Правадыра. Адчуванне ўласнай выключнасці спараджала ў іх пачуццё абсалютнай уседазволенасці, а ўседазволенасць, у сваю чаргу, станавілася пажыўнай глебай для букета амаль усіх злачынстваў, перадугледжаных тагачасным Крымінальным кодэксам.
У архівах былога КГБ УССР захоўваецца процьма дакументаў, якія сведчаць пра казнакрадства, карупцыю і маральна-побытавую разбэсту людзей з гарачымі сэрцамі, халоднымі галовамі і чыстымі рукамі.
Шэраговы савецкі грамадзянін, якога лавілі на падобных крымінальных артыкулах, ніколі не мог разлічваць на гуманнасць савецкага суда. А вось чэкісты нават за вельмі сур’ёзныя злачынствы звычайна абыходзіліся мінімальнымі лагернымі тэрмінамі.
У тым разе, калі такія тэрміны ім увогуле давалі…
* * *
Напачатку трыццатых гадоў Міхаіл Уладзіміравіч Зімерман адчуваў сябе сапраўдным царом і богам – прынамсі, у Нава-Дзевіцкім раёне Чарнігаўскай вобласці. Зімерман быў оперупаўнаважаным мясцовага НКВД, а, значыцца, мог караць і мілаваць каго заўгодна і за што заўгодна на свой уласны розум.
Дый праца оперупаўнаважанага была не надта складанай. Трэба было рэгулярна выкрываць у районе пэўную колькасць “ворагаў народа” і пісаць пра гэта справаздачы ў “вобласць”.
Мажліва, Міхаіл Уладзіміравіч даслужыўся б і да вялікіх чыноў, калі б не паталагічная юрлівасць, якую чэкіст нават і не прыхоўваў…
ИЗ ПРОТОКОЛА
Партийного собрания первичной организации НКВД
30 января 1935 г.
Повестка дня.
О неэтическом поступке члена партии Зимермана
(…) Член партии Зимерман допустил неэтический поступок в отношении уборщицы отделения Моляр Марфы, выразившийся в том, что (…) указанная Моляр использовалась для уборки его квартиры, где он заискивая взаимностей, склонял к половой жизни, но каждый раз названная Моляр ему отказывала, но т. Зимерман продолжал свое намерение. Один раз во время уборки его квартиры схватил уборщицу за талию и бросил к себе на кровать и продолжла склонять к вступлению в половую жизнь. Но все же несмотря на это, уборщица категорически отказывалась. т. Зимерман устраивал вещи, недостойные члену партии – порвал рубашку, порвал юбку, а также исцарапал, помял груди и проч. Попытка к понуждению к половой жизни продолжалась продолжительное время, и уборщица вынуждена была заявить начальнику Отделения (…) Зимерман в моем присутствии уборщицу категорически погнал, одновременно угрожая застрелить ее (…)
У Крымінальным кодэксе падобныя паводзіны кваліфікаваліся не як “неэтычны ўчынак”, а як “спроба згвалтавання” і караліся доўгім турэмным знявольваннем. Але чэкіст адкруціўся ўсяго толькі партыйнай вымовай. Дый “неэтычныя паводзіны” ў дачыненні да жанчын былі ў Зімермана далёка не першымі…
ИЗ ВЫПИСКИ
Протокола заседания Нежинской первичной комиссии по чистке партии
От 2 октября 1934 г.
Товарищ Зимерман знал о пьянствах членов партии и на это не реагировал, а при этом получал путевки на курорт и ухаживал за женщинами, а также я знаю, как здесь пьянствовал и использовал девушек из столовой…
Товарищ Зимерман, расскажите про Дуню, как ты ее здесь насиловал?
(…)
Акрамя шматлікіх Дуняў, а таксама Марфаў, Кацярынаў, Аленаў і Наташаў, у чэкіста Зімермана была і стацыянарная каханка – камсамолка Эсфір Ратштэйн.
Але тая Ратштэйн неяк высвятліла, што яе чэкіст мае цэлы гарэм з камсамолак, бальшавічак і беспартыйных. Выбухнуў скандал. Невядома, чым пагражала камсамолка Ратштэйн чэкісту Зімерману, але той не толькі паабяцаў пабрацца з ёй шлюбам, але і ўзяўся уладкаваць каханку ў НКВД. Прытым не ў занябданы местачковы райаддзел, а ў Ленінград, дзе ў Эсфіры былі сваякі. Пра што і напісаў адпаведны рапарт.
У Ленінградскім НКВД рапарт уважліва вывучылі, здзівіліся і адаслалі яго начальству Зімермана. Начальства запатрабавала тлумачэнняў.
НАЧАЛЬНИКУ ОТДЕЛА КАДРОВ НКВД ОБЛ. УПРАВЛЕНИЯ Г. ЧЕРНИГОВ
От оперуполномоченного СПО УГБ Зимермана
Объяснение
По поводу поданного мною рапорта Нач. Спец. Отдела УГБ г. Ленинград о содействии об устройстве моей жены на работу каковая могла бы обеспечить материально ввиду ее трудных условий, вызвано мною исходя из следующих соображений: РОТШТЕЙН является моей ухажеркой на протяжении 3 лет, на которой я буду жениться и договоренность между нами есть (…)
Начальству гэты жаніхоўскі спрыт вельмі не спадабаўся. У Ленінград пайшоў ліст: рапарт Зімермана лічыць несапраўдным, бо ён не ўзгоджаны з кіраўніцтвам. У выніку Эсфір так і не атрымала месца ў Ленінградскім НКВД, на якое так спадзявалася.
Далейшая гісторыя Зімермана і Ратштэйн нагадвае бульварную меладраму сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў жанры “жахлівая помста”, толькі пастаўленую ў камсамольска-чэкісцкіх інтэр’ерах Савецкага Саюза трыццатых гадоў.
Пакрыўджаная камсамолка палічыла, што чэкіст такім чынам даў ёй адстаўку і пачала бамбардаваць кіраўніцтва НКВД даносамі на былога каханка: “неверагодна разбэшчаны”, “мае шмат каханак”, “падчас палавых зносінаў б’ецца і кусаецца”. Следам пайшлі даносы на тое, што маральна няўстойлівасць чэкіста Зімермана напэўна прывядзе яго ў багну контрэвалюцыі.
Міхаілу Уладзіміравічу трэба было як мага хутчэй адбяліцца ў вачах начальства. Для гэтага патрабавалася якая-небудзь гучная справа на мясцовых контрэвалюцыянераў. Праўда, у Нова-Девіцкім раёне такіх ужо не заставалася, і таму начальнік чэкісцкага райаддзела вырашыў такую справу прыдумаць. Оперупаўнаважаны НКВД Зімерман уласнаручна змайстрачыў антысавецкую ўлётку, якую і падкінуў у хату-чытальню на бліжэйшым хутары.
Першыя арыштанты па “справе контрэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі” з’явіліся праз два дні. Праз тры дні ўсе яны прызналіся ў распаўсюдзе антысавецкай агітацыі, захаванні зброі і ў намеры нізрынуць Савецкую ўладу праз збройнае паўстанне.
Справа была шытая белымі ніткамі, што выдатна разумела нават начальства Зімермана. Датаго ж, Эсфір Ратштэйн працягвала помсціць былому каханку: цяпер яна пісала даносы на Зімермана ў рэспубліканскае НКВД.
У выніку занадта борзым чэкістам вырашылі захвяраваць.
Падчас следства і высвятлілася, у які спосаб з хутаранаў выбіваліся сведчанні “пра антысавецкую паўстанцкую арганізацыю”…
ИЗ ОБВИНИТЕЛЬНОГО ЗАКЛЮЧЕНИЯ
25 июня 1935 г.
(…)
Арестованный Петрик Андрей показал, что он был арестован 14 января 1935 г. и в тот же день был допрошен Зимерманом. При допросе Зимарман угрожал ему револьвером, требовал сказать, кто написал листовку.
При вторичном допросе Зимарман держал в руке браунинг (…) все время толкал его в бок и нажимал стволом револьвера в голову, причиняя при этом сильную боль. Затем Зимерман схватил его левую руку и с силой выкрутил за спину, затем схватил шашку (…)
(…)
В результате этих побоев он дал вынужденные показания о к-р листовке (…)
Разам з Міхаілам Уладзіміравічам Зімерманам па справе “пра парушэнне сацыялістычнай законнасці” праходзіла і двое міліцыянтаў, зімерманаўскіх сябручкоў і сабутэльнікаў – Якаў Загарулька і Рыгор Клатко. Яны таксама з задавальненнем катавалі падследных.
Як і мае быць, суд над чэкістам і міліцыянтамі быў закрытым. Цягнуўся ён ажно два дні. Шэраговы савецкі грамадзянін атрымаў бы за такі набор злачынстваў як мінімум гадоў дзесяць. Але ж судзілі не шэраговых грамадзянаў, а “сацыяльна блізкіх”, і таму прысуд быў надзіва гуманна.
ПРИГОВОР
ИМЕНЕМ СОЮЗА СОВЕТСКИХ СОЦИАЛИСТИЧЕСКИХ РЕСПУБЛИК
1935 года, июля 18-19 дня Выездная сессия Военного Трибунала Пограничной и Внутренней охраны УССР в г. Чернигове, в клубе обл. НКВД, в закрытом судебном заседании (…)
ПРИГОВОРИЛА
Зимермана Михаила Владимировича подвергнуть лишению свободы в ИТЛ сроком на пять лет без поражения в правах.
Загорулько Якова Степановича подвергнуть лишению свободы в ИТЛ сроком на три года без поражения в правах.
Клотко Григория Алексеевича, за недоказанностью обвинения, по суду считать оправданным.
У архівах не прасочваецца далейшы лес былога оперупанаважанага НКВД таварыша Зімермана. Невядома, як склалася і жыццё Эсфір Ратштэйн. Магчыма, яна знайшла новага каханка-чэкіста, магчыма, была рэпрэсаваная за сувязь з “ворагам народа”. Але не выключаецца, што камсамолка Ратштэйн усё ж здзейсніла мару жыцця і ўладкавалася на службу ў НКВД.
Бо людзі, якія праяўлялі пралетарскую пільнасць і не баяліся пісаць даносы на былых каханкаў, хай нават і чэкістаў, заўсёды былі запатрабаванымі ў савецкіх органах Дзяржаўнай Бяспекі.
* * *
Наступным разам я раскажу пра прагрэсіўнае дасягненне савецкіх юрыстаў – абвінавачванне чалавека ў злачынстве толькі на падставе таго, што ён, нібыта, “меў намер” такое злачынства здзейсніць.
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “ОФ-1073”