У Пінску пройдзе фестываль мастацтваў „Зоры над Пінай”



Пінск рыхтуецца да прыёму гасцей. Праз два тыдні тут пройдзе адроджаны фестываль “Зоры над Пінай”. Свята нацыянальнай музыкі, харэаграфіі, тэатральнага і цыркавога мастацтва адбудзецца з 15-га па 17-га верасня. Вядомы ў мінулым фестываль адрадзілі ў сувязі з важнай юбілейнай датай: Пінску сёлета – 920 гадоў.

Мікалай Клімовіч удзельнічаў у фестывалі ў папярэднія гады, калі той яшчэ праводзіўся. Пінчук спадзяецца, што вяртаецца не толькі брэндавая назва (“Зоры над Пінай”), але і адпаведная праграма:

– Калі яно будзе ў тых межа, як гэта было раней, то гэта будзе выдатна. Гэта быў не адзін дзень, а цэлы тыдзень. Першы дзень быў прысвечаны кіно, другі – тэатру і г.д. Я добра памятаю, як праходзілі “Зоры над Пінай”. Былі святы раёнаў, і ў кожным раёне горада былі выступленні мясцовых артыстаў, прыязджалі вядомыя зоркі.

Музычнае свята “Зоры над Пінай” да сярэдзіны 90-х гадоў з’яўлялася адметнасцю Пінска, фестываль атрымаў статус міжнароднага, і па ім аднойчы была знятая дакументальная стужка.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота: p-v.by