Міністэрства адукацыі зацвердзіла новыя цэны на школьныя падручнікі
Міністэрства адукацыі зацвердзіла новыя цэны на школьныя падручнікі ў 2017/2018 навучальным годзе.
Згодна з пастановай Мінадукацыі, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, кошт усяго камплекта з 11 падручнікаў для першага класа складае 16,49 рубля, для другога класа —19,52 рубля (11 падручнікаў), для трэцяга класа — 21,96 рубля (13 падручнікаў), для чацвёртага класа — 13,4 рубля (12 падручнікаў), для пятага класа — 24,02 рубля (16 падручнікаў), для шостага класа — 26,64 рубля (13 падручнікаў), для сёмага класа — 40,57 рубля (14 падручнікаў), для восьмага класа — 17,59 рубля (14 падручнікаў), для дзявятага класа — 16,06 рубля (16 падручнікаў), для дзясятага класа — 22,17 рубля (15 падручнікаў), для адзінаццатага класа — 27,97 рубля (16 падручнікаў).
Пастанова Саўміна ад 24 чэрвеня 2011 года №839 прадугледжвае, што плата за карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі асобамі пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі за I—XI класы спаганяецца ў памеры 50% кошту адпаведных камплектаў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў.
Аплаціць карыстанне школьнымі падручнікамі і дапаможнікамі трэба да 1 кастрычніка.
Для дзяцей са шматдзетных сем’яў прадугледжана 50-працэтная зніжка, а школьнікі з сацыяльна неабароненых сем’яў падручнікі атрымаюць бясплатна.
На пасяджэнні Рэспубліканскага педсавета 24 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што новыя падручнікі па ўсіх прадметах будуць падрыхтаваны да 1 верасня 2019 года. „Аснова школьнага навучання — добры падручнік. Гэта тое, што шмат у чым вызначае якасць ведаў вучняў. Нагадваю, галоўнае патрабаванне — змест навучальнага матэрыялу павінен быць аптымальным па аб’ёме, інфармацыі і яе глыбіні. Да 1 верасня 2019 года мы будзем мець новыя падручнікі”, — сказаў Лукашэнка.
Паводле БелаПАН