Асамблея патрыятычных сіл Беларусі прыняла зварот да беларускай арміі
Асамблея патрыятычных сіл заклікае армію, якая прысягнула на вернасць беларускаму народу, абараняць краіну ад магчымай расейскай агрэсіі. Пра гэта гаворыцца ў заяве ўдзельнікаў асамблеі, якая адбылася 26 жніўня ў Менску.
У дакуменце адзначаецца, што дзяржаўная незалежнасць Беларусі і беларуская мова з’яўляюцца „найвышэйшымі каштоўнасцямі беларускай нацыі”, а „шанаванне і абарона гэтых каштоўнасцей з’яўляюцца гонарам і абавязкам беларускіх патрыётаў і ўсіх грамадзян Беларусі”.
Удзельнікі асамблеі выказалі „трывожную заклапочанасць у сувязі з планаваннем незаконных, неканстытуцыйных” ваенных беларуска-расійскіх вучэнняў „Захад-2017” на тэрыторыі Беларусі. „Уваходжанне расійскіх войскаў і бронетэхнікі ў Беларусь, якое ўжо пачалося, мы расцэньваем як пачатак гібрыднай акупацыі нашай краіны і грубым парушэннем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Такія дзеянні расійскай ваеншчыны з’яўляюцца пагрозай ўсім нашым суседзям: Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі”, — гаворыцца ў заяве.
Удзельнікі асамблеі запатрабавалі ад кіраўніцтва Расеі і Беларусі адмяніць ваенныя вучэнні „Захад-2017” і вывесці расійскія войскі і бронетэхніку з тэрыторыі Беларусі.
Узброеных расейскіх вайскоўцаў, як падкрэсліваецца ў заяве, „не павінна быць на беларускай тэрыторыі”, а Беларуская чыгунка не павінна перавозіць бронетэхніку і ўзброеных салдат „чужой краіны”.
Акрамя таго, удзельнікі асамблеі звярнуліся да беларусаў ва ўсім свеце і да міжнароднай супольнасці „аб падтрымцы беларускай незалежнасці, свабоды, дэмакратыі і барацьбы”.
Яшчэ ў адной рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да аб’яднання ўсіх дэмакратычных сіл „перад пагрозай расійскай акупацыі”. „Мы заклікаем тых, каму дарагая Беларусь, пакінуць міжасобасныя і міжпартыйныя спрэчкі і ўзяць удзел у сумеснай працы для адстойвання незалежнасці і дэмакратыі. Мы заклікаем палітычных, грамадскіх і рэлігійных лідараў, навукоўцаў, прафесіяналаў у сваіх сферах, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі далучацца да абароны незалежнасці”,— гаворыцца ў дакуменце.
Ініцыятарам асамблеі стала Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. Яе правядзенне, як адзначалася, „выклікана пагрозай незалежнасці Беларусі” ў сувязі з правядзеннем беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017” на тэрыторыі нашай краіны і „неабходнасцю абмеркаваць лёс і будучыню Радзімы”.
У пасяджэнні асамблеі прыняло ўдзел больш за 100 чалавек. Кіраўніцтва апазіцыйных палітычных партый яе праігнаравала, за выключэннем сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца.
belapan.by