БАТЭ жорстка асадзіў „Шахцёр”
20 тур футбольнага чэмпіянату краіны быў адзначаны спаборам лідараў, а ўвогуле стаў найбольш выніковым у чэмпіянаце – усяго было забіта 27 мячоў.
Салігорскі „Шахцёр”, які ўзначальваў табліцу прымаў на сваім полі дзейснага чэмпіёна – барысаўскі БАТЭ. У першым тайме БАТЭ абрынуў на галовы гаспадароў поля і іх заўзятараў два цэбары халоднай вады ў выглядзе двух галоў. Спярша Аляксей Рыас са штрафнога запусціў мяч у сетку на 20-й хвіліне, а потым барысаўцы разыгралі камбінацыю, дзе асістэнтам выступіў Ігар Стасевіч, а галеадорам Віталь Радзівонаў. які рэгулярна забівае „Шахцёру”.
Неўзабаве пасля перапынку на 51-й хвіліне БАТЭ ўдалася імклівая контратака 3 на 2, якую чэмпіёны разыгралі ўзорна – Стасевіч зноў выклаў мяч Радзівонаву, якому не трапіць у браму было немагчыма. Значная частка заўзятараў „Шахцёра” пасля гэтага пачала пакідаць стадыён. Далей чэмпіён гуляў на ўтрыманне перавагі, што не замінула яму забіць пад занавес сустрэчы яшчэ раз – на 86-й хвіліне сваё прозвішча на табло запісаў лепшы снайпер першынства Міхаіл Гардзяйчук. У выніку 4:0 на карысць БАТЭ.
Менскае „Дынама” прымала дома „Гарадзею” і „адгрузіла ў яе браму 4 мячы – выніковыя 4:2. „Бела-блакітныя” прапусцілі першымі на 34-й хвіліне – вызначыўся Дзмітрый Лебедзеў. Аднак пасля Антон Сарока (40-я), Дзмітрый Хлёбас (49-я), Арцём Быкаў (82-я) і Нікола Лекавіч (90-я) праштампавалі вікторыю падначаленых Сяргея Гурэнкі. Яшчэ адзін мяч для „Гарадзеі” забіў серб Боян Дубаіч. Такім чынам менскае „Дынама” выйшла на першае месца.
Нежартоўнае змаганне разгарнулася зараз у чэмпіянаце ля падножжа п’едэсталу – на 4-е месца, якое пры пэўных раскладах можа даць у наступным годзе пропуск у еўракубкі, рэальна прэтэндуе ажно пяць калектываў. Дзве каманды з гэтай групы ФК „Віцебск” і гарадзенскі „Нёман” у суботу зышліся паміж сабой. У выніку была зафіксавана выніковая нічыя – 2:2. Нёманцы адкрылі лік, але яшчэ да перапынку гаспадары поля двойчы засмуцілі брамніка супернікаў. Каштоўнае ачко гарадзенцам у другім тайме прынёс трапны ўдар Паўла Савіцкага, які ўрэшце вярнуўся на поле.
Сваім парадкам ФК „Слуцк” скарыстаўся шанцам і ўзяў дома верх над „Гомелем” – 1:0 (гол – Мурат Хотаў, 39-я хвіліна).
Вынікі астатніх матчаў 20 тура такія:
„Дняпро” (Магілёў) – „Тарпеда-БелАз” (Жодзіна) – 0:5 (хет-трык тут аформіў Ягор Зубовіч, дубль – Максім Скавыш)
„Крумкачы” (Менск) – „Нафтан” (Наваполацк) – 2:2 (Філіп Іваноў – два мячы; Аляксей Калеснік, Кірыл Пячэнін).
„Іслач” (Менская вобласць) – ФК „Мінск” – 0:0.
„Славія” (Мазыр) – „Дынама” (Берасце) – 1:2 (Максім Слюсар, 25-я; Нівалда, 62-я, Леандра Торрэс, 83-я, з пенальці).
Верхняя палова турнірнай табліцы пасля 20 тура выглядае так:
1. „Дынама” Мн-46
2. „Шахцёр”-44
3. БАТЭ-42
4. „Нёман”-33
5. ФК „Слуцк”-33
6. ФК „Віцебск”-32
7. „Тарпеда”-31
8. „Дынама” Б-28
Спіс лепшых бамбардзіраў турніру: Міхаіл Гардзяйчук (БАТЭ) – 11 мячоў, Антон Сарока (Дынама Мн) – 10, Павел Савіцкі (Нёман), Ягор Зубовіч (Тарпеда) – па 8, Нівалда (Дынама Б), Максім Скавыш (Тарпеда) – па 7.
Беларускае Радыё Рацыя