Колькасць перавезеных сёлета „Белавія” пасажыраў дасягнула двух мільёнаў



27 жніўня „Белавія” перавезла двухмільённага пасажыра. Такім чынам, на гэты час авіякампанія абслужыла на 24% больш пасажыраў, чым за аналагічны леташні перыяд, паведаміла прэс-служба авіяперавозчыка.

„Нас радуюць тэмпы росту паказчыкаў авіякампаніі. Дынамічнае развіццё „Белавія” стала магчымым дзякуючы пашырэнню маршрутнай сеткі, павелічэнню частаты рэйсаў і колькасці транзітных пасажыраў. Набыццё новых і эканамічных паветраных суднаў дазволіла нам знізіць тарыфы на перавозкі за гэты год у сярэднім на 20%”, — падзяліўся генеральны дырэктар ААТ „Авіякампанія „Белавія” Анатоль Гусараў.

Правядзенне акцый дазваляе авіякампаніі прыцягваць у сярэднім 25% новых пасажыраў, якія не ляталі да гэтага з Менска. З 2015 года авіяперавозчыкам было праведзена сем розных акцый па прывабных тарыфах на ўсю маршрутную сетку „Белавія”.

Таксама адзначаецца рост колькасці замежных пасажыраў як тых, што едуць транзітам, так і тых, што падарожнічаюць у Менск з Еўропы. Для замежных турыстаў пры пяцідзённым уездзе ў Беларусь авіякампанія распрацавала спецыяльны тарыф, кошт якога з пунктаў Еўропы ў Менск ніжэйшы за мінімальны тарыф.

„Мы стараемся ўлічваць пажаданні нашых кліентаў і павышаць узровень сэрвісу ў адпаведнасці з іх пажаданнямі. Так, з пачатку гэтага года мы аднавілі бартавое харчаванне на ўсіх рэйсах авіякампаніі, значна палепшылі працу call-цэнтра за кошт укаранення новых інфармацыйных тэхналогій, прапанавалі бясплатны правоз спартыўнага інвентару ў зімовым сезоне 2016/2017 і г.д. Таксама мы стараемся падтрымліваць праекты, накіраваныя на прасоўванне Беларусі за мяжой і прыцягненне турыстаў у нашу краіну”,— сказаў Гусараў.