Беларусь і Польшча гатовыя працягваць наладжванне супрацы (абноўлена)



Беларусь і Польшча гатовыя працягваць прыкладаць намаганні для наладжвання двухбаковага супрацоўніцтва. Пра гэта было заяўлена 29 жніўня ў Менску на сустрэчы намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслава Пірштука з віцэ-маршалкам польскага сейма Рышардам Тэрлецкім.

„Ваш візіт сведчыць, што наша супрацоўніцтва становіцца ўсё больш цесным, — заявіў Пірштук. — Хацелася б асабліва адзначыць нашу актыўную і перспектыўную працу па двухбаковым супрацоўніцтве на працягу апошніх двух гадоў”.

Беларусь і Польшча — суседзі, у якіх агульная гісторыя, а таму, адзначыў Пірштук, краінам неабходна „знаходзіць кропкі больш цеснага судакранання”. Ён выказаў надзею, што візіт у Беларусь польскай парламенцкай дэлегацыі „будзе напоўнены добрымі і эфектыўнымі сустрэчамі, новымі кантактамі, удасца абмеркаваць самыя розныя тэмы”. „Зразумела, што ўсё вырашыць за адну сустрэчу немагчыма, але нам трэба пашыраць супрацоўніцтва дзвюх краін”, — дадаў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Тэрлецкі са свайго боку нагадаў, што год таму ўжо наведваў Беларусь. „Тады мы казалі, што прапусцілі пару гадоў, бо нашы адносіны ў той час не развіваліся інтэнсіўна. Зараз я магу сказаць, што год з майго мінулага візіту не прайшоў дарма. На працягу яго былі шматлікія карысныя і патрэбныя кантакты”, — сказаў ён .

Парламентарый адзначыў, што Польшча і Беларусь „функцыянуюць у розных палітычных зонах”. „Але свет змяняецца, невядома, што нас чакае наперадзе. Акрамя таго, мы суседзі, і Беларусь для нас з’яўляецца важным суседам. Нас аб’ядноўвае супольная гісторыя, культура. Калі ў нашых краінах адбываюцца падзеі, якія выклікаюць непакой на Усходзе ці Захадзе, мы ўсё роўна павінны працаваць так, каб нашы кантакты не саслаблі, каб яны развіваліся і надалей”, — сказаў Тэрлецкі.

„Але самае галоўнае — гэта атмасфера нашых сустрэч, якая дазваляе адкрыта абмяркоўваць любыя пытанні. Думаю, наш візіт у Беларусь будзе паспяховым і дапаможа прымнажаць і пашыраць кантакты паміж Беларуссю і Польшчай”, — дадаў ён.

Візіт у Беларусь парламенцкай дэлегацыі Польшчы будзе доўжыцца па 31 жніўня. Запланаваны сустрэчы ў Савеце Рэспублікі, МЗС.

Для Тэрлецкага гэта не першае наведванне Беларусі з афіцыйным парламенцкіх візітам. Папярэдні візіт адбыўся 2—4 жніўня 2016 года.

belapan.com

Фота msz.gov.pl