Калона расейскай тэхнікі ў Воршы
Праз Воршу прадаўжае рухацца расейская вайсковая тэхніка.
Вялікая калона танкаў і іншай тэхнікі ехала праз Воршу-Цэнтральную (вакзал) у панядзелак, 28 жніўня прыблізна а 17 гадзіне вечара, паведамляе сайт orsha.eu.
Але не ўсю тэхніку аршанцы могуць так проста ўбачыць. Напрыклад, як мінімум ужо другі вечар (28 і 29 жніўня) на прыгарадную станцыю Ворша-Заходняя прыганяюць вялікія эшалоны з вайсковымі аўтамабілямі ды іншай тэхнікай. Да раніцы гэтыя эшалоны з’язджаюць.
Нагадаем, што расейска-беларускія вучэнні „Захад-2017” на тэрыторыі Беларусі пачнуцца ў верасні. Для перакідання расейскага кантынгенту задзейнічаная рэкордная колькасць чыгуначных вагонаў – больш за 4 тысячы. Многія палітыкі і вайсковыя экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі пасля вучэнняў застануцца ў Беларусі.
У вучэннях будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі: пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманава. Таксама паведамляецца, што запланаваныя рэйды на „адрэзку мясцовасці” каля Дрэтуні.
8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску а 19.00 пачнецца Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў „Захад-2017”.