Дырэктар архіву СБУ пра савецкую таталітарную спадчыну
У беларускім грамадстве працягваюцца спрэчкі наконт архіўнай савецкай спадчыны, і найперш – адкрыцця архівы спецслужбаў. Прыхільнікі адкрыцця архіваў сцвярджаюць, што для цывілізаванага грамадства ганебна прыхоўваць праўду пра таталітарнае мінулае. Праціўнікі перакананыя, што гэта непазбежна прывядзе да помсты ўнукам і праўнукам катаў з боку ўнукаў і праўнукаў рэпрэсаваных.
Архівы былога КДБ з траўня 2015 года адкрытыя ва Украіне для ўсіх ахвочых. Ці была нейкая помста з боку нашчадкаў рэпрэсаваных нашчадкам катаў? Ці справакавала гэта напружанасць у грамадстве?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война задаў гэтыя і іншыя пытанні Андрэю Когуту — дырэктару былога архіва КГБ, а цяпер Цэнтральнага Галіновага Архіва Службы Бяспекі Украіны.
Андрэй Когут: Ва Украіне на заканадаўчым роўні ёсць закон, які вызначае, як мае адбывацца праца з дакументамі спецслужб былога СССР. Падобныя законы, між іншым, ёсць практычна ва ўсіх усходнееўрапейскіх краінах. Паводле гэтага закона, усе грыфы “таемна” з усіх папер савецкіх спецслужбаў знятыя. І таму з гэтымі дакументамі можа азнаёміцца кожны ахвочы.
РР: Людзі, якія выступаюць супраць адкрыцця архіваў КДБ у Беларусі, матываюць сваю думку так: маўляў, гэта можа прывесці да разладу ў грамадстве і нават помсты нашчадкам энкавэдэшнікаў. Ва Украіне архівы адкрытыя два гады. Ці былі нейкія выпадкі помсты ва Украіне?
Андрэй Когут: Перад тым, як прымаць закон пра адкрытасць архіваў, мы доўга дыскутавалі. “Як адкрываць?”, “з якіх дакументаў здымаць грыфы сакрэтнасці?”, “якія могуць быць рызыкі?” Дыскусія доўжылася ажно пяць гадоў. Але, як паказвае наш досвед, за апошнія два гады не было ніводнага выпадку такой помсты. Ніводнага. Адзінае – раз-пораз у сродках масавай інфармацыя ўздымаюцца пытанні пра ролю той ці іншай асобы ў найноўшай гісторыі. Але гэта, хутчэй, спрэчкі гістарычнага характару. Затое, як адно з наступстваў гэтага закона — за апошнія два гады ў нашым архіве проста ў разы пабольшала наведвальнікаў. Прытым замежнікаў нават больш чым украінцаў. Чаму? Наш архіў – самы вялікі адкрыты для вывучэння архіў спецслужб. Натуральна, ёсць архівы ў Грузіі, Малдове, ёсць у балтыйскіх краінах, але найбольш дасканала праца спецслужбаў СССР прадстаўленая менавіта ў Цэнтральным Галіновым Архіве СБУ. Па нашых фондах можна вельмі і вельмі дэталёва прасачыць, як працавалі камуністычныя спецслужбы, якія былі механізмы, якія метады, да якіх наступстваў гэта прыводзіла. Такое вось акно ў свет былога СССР…
РР: А што менавіта вас больш за ўсё ўразіла падчас працы ў архівах?
Андрэй Когут: Напэўна, усё ж маштабы дзейнасці спецслужбаў. Цяпер шмат хто спрачаецца, калі СССР была больш таталітарнай дзяржавай: да Сталіна, падчас Сталіна ці пасля Сталіна. Нашы дакументы дэманструюць, што рэпрэсіі сталінскіх часоў не былі нечым выключным. Рэпрэсіі адбываліся і пасля заканчэння сталінскай эпохі. Так, паслясталінскія рэпрэсіі былі не такімі маштабнымі, але рэпрэсіўная машына КДБ працягвала працаваць і ў вельмі кароткі час магла аднавіцца да сталінскага фармату. Проста ў пазнейшыя часы не было ўжо столькі асобаў, супраць якіх варта было ўжываць рэпрэсіі. То бок, КДБ ад самога пачатку была “загостраная” на рэпрэсіі, і рэпрэсіўны характар спецслужбаў захоўваўся да 1991 года. Натуральна, за часамі позняга СССР пэўныя трансфармацыі адбываліся і ў КДБ, але рэпрэсіўная сутнасць савецкіх спецслужбаў заставалася нязменнай.
Архівы былога КГБ знаходзяцца ў Кіеве на вуліцы Залатабрамная, 7. Азнаёміцца з матэрыяламі пра рэпрэсаваных продкаў могуць усе ахвочыя, у тым ліку і беларускія грамадзяне.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя