БАЖ просіць Качанаву садзейнічаць спыненню пераследу журналістаў



Грамадскае аб’яднанне „Беларуская асацыяцыя журналістаў” 30 жніўня накіравала зварот кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай з просьбай паўплываць на сітуацыю з пераследам журналістаў-фрылансараў.

Асацыяцыя журналістаў падкрэслівае неправамернасць прыцягнення журналістаў да адказнасці на падставе артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).

„Зараз сітуацыя пагоршылася як ніколі: журналістаў зноў масава караюць штрафамі за сам факт выхаду падрыхтаваных імі матэрыялаў у замежных СМІ”, — падкрэслівае БАЖ. Сёлета ўжо зафіксавана 35 такіх выпадкаў.

Раней БАЖ спрабавала вырашыць сітуацыю, звяртаючыся ў розныя дзяржаўныя органы — Вярхоўны суд, МУС, Генеральную пракуратуру, КДБ. „Але ні адзін з вышэйназваных органаў не зрабіў ніякіх крокаў, якія маглі б вырашыць праблемы. З КДБ адказу на наш зварот наогул не паступіла”, — гаворыцца ў звароце.

У БАЖ занепакоеныя выпадкамі пераследу журналістаў-фрылансараў і заклікаюць кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта садзейнічаць спыненню „неабгрунтаванага ўмяшання супрацоўнікаў унутраных спраў у рэалізацыю журналістамі права на свабоднае атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне інфармацыі, свабоду выказвання меркаванняў і перакананняў”.

Асацыяцыя таксама накіравала падрабязны ліст аб сітуацыі з пераследам журналістаў у Беларусі спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытаннях прасоўвання і абароны права на свабоду меркаванняў і выказванняў Дэвіду Кае. Арганізацыя просіць спецдакладчыка запатрабаваць ад беларускіх уладаў растлумачэнняў з нагоды пераследу журналістаў і садзейнічаць спыненню гэтага пераследу.

25 жніўня міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў” выступіла з заявай, якая асуджае пераслед журналістаў у Беларусі.

У ёй гаворыцца, што ў дачыненні да пяцярых карэспандэнтаў польскага тэлеканала „Белсат”, які вяшчае на Беларусь, за апошні час складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі і незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Гаворка ідзе пра супрацоўнікаў тэлеканала Станіслава Івашкевіча, Алеся Сіліча, Марыю Арцыбашаву, Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва. 

„Рэпарцёры без межаў” адзначылі, што карэспандэнты тэлеканала сталі ў 2017 годзе ў Беларусі „галоўнымі ахвярамі пераследаў”, у дачыненні да іх было распачата 26 адміністрацыйных спраў, а сума вынесеных судамі штрафаў перавысіла 10 тыс. еўра.

„Мы асуджаем гэтую новую хвалю судовых працэсаў, якая мае адзіную мэту — запалохаць журналістаў і прымусіць іх падпарадкавацца націску ўрада, — сказаў кіраўнік аддзялення „Рэпарцёраў без межаў” па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ёган Біх. — Мы заклікаем беларускі ўрад спыніць сістэматычны судовы пераслед незалежных журналістаў”.

У заяве гаворыцца, што беларускія ўлады, якія перашкаджаюць адкрыццю офіса „Белсата” ў Мінску, фактычна самі вымушаюць карэспандэнтаў працаваць без акрэдытацыі. „Рэпарцёры без межаў” падкрэсліваюць, што часцей за ўсё штрафавалі журналіста-фрылансара Канстанціна Жукоўскага, зараз яму пагражае канфіскацыя маёмасці з-за немагчымасці аплаціць штрафы.

Згаданыя таксама арышты журналістаў падчас масавых акцый пратэсту ў лютым—сакавіку. На думку аўтараў заявы, пераследам журналістаў беларускія ўлады дэманструюць боязь узнікнення новых пратэстаў.

belapan.com