Кіраўнік МЗС Украіны абмяркуе з Макеем знікненне ў РБ украінца



Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін плануе 31 жніўня абмеркаваць справу зніклага ўкраінца Паўла Грыба з беларускім калегам Уладзімірам Макеем падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства і Вышаградскай групы ў Будапешце.

„Заўтра ў Будапешце планую абмеркаваць справу зніклага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба з беларускім калегам Макеем”, — напісаў Клімкін на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

Як паведамлялася, пасольства Украіны ў Менску 28 жніўня накіравала ноту ў МЗС Беларусі з мэтай высветліць, дзе знаходзіцца грамадзянін Украіны Павел Грыб, сын члена грамадскага савета пры адміністрацыі Дзяржпагранслужбы афіцэра запасу Ігара Грыба.

Ігар Грыб заявіў пра выкраданне спецслужбамі РФ яго сына ў Беларусі. 24 жніўня Павел Грыб выехаў у Беларусь на сустрэчу з дзяўчынай, з якой меў зносіны толькі праз сацсеткі, пасля чаго знік. Дзяржпагранслужба Украіны афіцыйна пацвердзіла факт перасячэння Паўлам Грыбам мяжы з Беларуссю.

Паводле слоў Ігара Грыба, калі сын не вярнуўся ў той дзень, калі збіраўся, ён адправіўся на яго пошукі ў Гомель. Там бацька зніклага высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку на падставе арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з’яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы). У Гомельскай пагранічнай групе Грыбу сказалі, што ніякай інфармацыі пра яго сына не маюць.

Ігар Грыб перакананы, што ФСБ выманіла Паўла ў Гомель пад маркай сустрэчы з дзяўчынай і затрымала. На думку бацькі, прычынамі выкрадання сына маглі стаць паведамленні Паўла ў сацсетках, скіраваныя супраць агрэсіі Расіі ва Украіне.

У МЗС Беларусі 29 жніўня пацвердзілі факт атрымання ноты ўкраінскага пасольства з мэтай высветліць месцазнаходжанне Паўла Грыба.

Гомельская міліцыя не затрымлівала грамадзяніна Украіны Паўла Грыба, у органы ўнутраных спраў не паступала заяў пра яго вышук, заявілі ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама.

У сваю чаргу ў Дзяржаўным пагранічным камітэце адзначылі, што інфармацыя аб перасячэнні грамадзянамі дзяржаўнай мяжы з’яўляецца канфідэнцыйнай, і таму не могуць паведаміць, ці сапраўды Павел Грыб перасякаў украінска-беларускую мяжу. У ведамстве дадалі, што пакуль да іх запыту ад украінскага боку з просьбай падаць такія звесткі не паступала.

belapan.com