МЗС Беларусі ўказала ўкраінскім дыпламатам на бесперспектыўнасць пагроз



31 жніўня ў МЗС Беларусі быў выкліканы саветнік-пасланец пасольства Украіны Валерый Джыгун, якому даведзеная „непрымальнасць выказванняў і бесперспектыўнасць пагроз”, што прагучалі напярэдадні з вуснаў намесніка кіраўніка МЗС Украіны Алены Зеркаль, гаворыцца ў каментары прэс-сакратара беларускага МЗС Дзмітрыя Мірончыка. Адзначаецца, што з 29 жніўня на запыт пасольства Украіны праваахоўныя органы Беларусі на ўсёй тэрыторыі краіны вядуць пошук ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба.

Раней украінскі афіцэр запасу Ігар Грыб заявіў пра выкраданне спецслужбамі Расеі яго сына ў Беларусі. 19-гадовы Павел Грыб 24 жніўня выехаў у Беларусь на сустрэчу з дзяўчынай, з якой да гэтага меў зносіны толькі праз сацсеткі, пасля чаго знік.

Намеснік кіраўніка МЗС Украіны Алена Зеркаль 30 жніўня заявіла, што ўкраінскія дыпламаты робяць усё магчымае, каб высветліць месцазнаходжанне Паўла Грыба, нягледзячы на адсутнасць належнага ўзроўню супрацоўніцтва з беларускага боку. Паводле слоў Зеркаль, Беларусь „на словах паводзіць сябе як партнёр, а на справе дзейнічае зусім інакш”. Яна таксама заявіла: „На самой справе па Беларусi, мне здаецца, значна больш пытанняў, чым адказаў цяпер У прыватнасці, напрыклад, тое ж уваходжанне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Ці будзем мы падтрымліваць Беларусь у гэтым уступленні, у сувязі з тым, напрыклад, што Беларусь — гэта апошняя краіна Еўразійскага эканамічнага саюза, якая ўступае ў СГА. І што будзе, якія будуць наступствы гэтага ўступлення? Ці мы ўсё ж будзем глядзець на свае інтарэсы і навязваць ўжо Беларусі, праз Беларусь ЕАЭС свае інтарэсы, уключаючы транзіт, уключаючы ўсе забароны, уключаючы ўсе ліцэнзіі і ўсе астатнія пытанні, а таксама, вядома, вырашаючы пытанні і ўезду грамадзян Украіны, і бяспекі грамадзян Украіны ў Беларусі. І ўсе будзем вырашаць комплексна”.

У каментары прэс-сакратара МЗС Беларусі адзначаецца, што недарэчна, карыстаючыся справай Грыба як падставай, публічна пагражаць Беларусі, а праз Беларусь яшчэ і яе партнёрам па ЕАЭС — Арменіі, Казахстану, Кыргызстану і Расеі — „навязаць свае інтарэсы” ў эканамічнай сферы.

„Зусім нядаўна на вышэйшым узроўні з задавальненнем было заяўлена пра зняцце бар’ераў у двухбаковым гандлі. Урон, нанесены імі, быў узаемным, ад абмежаванняў не выйграў ніхто. Шкада, што гэты ўрок не быў засвоены нашымі ўкраінскімі партнёрамі, — адзначыў Мірончык.

Паводле яго слоў, на сустрэчы з Джыгуном таксама было падкрэслена, што беларускі бок мае намер без якой-небудзь палітызацыі і пераводу ў публічную плоскасць паслядоўна абараняць інтарэсы сваіх грамадзян, затрыманых праваахоўнымі органамі Украіны на больш чым спрэчным падставах.

Што да справы Паўла Грыба, адзначыў Мірончык, то ўся сабраная беларускімі праваахоўнымі органамі інфармацыя „абагульняецца і рыхтуецца для перадачы ўкраінскаму боку”.

„Людзі, на жаль, знікаюць з-за самых розных прычын — і па ўласнай волі ці глупстве, і ў выніку зламысных дзеянняў трэціх сіл, — сказаў Мірончык. — Калі за 19-гадовым маладым чалавекам не ўсачылі яго бацькі і ўлады ўласнай краіны, то гэта яшчэ не падстава валіць з хворай галавы на здаровую. Зусім не па-партнёрску праз суткі пасля афіцыйнай просьбы аб дапамозе вінаваціць у чым-небудзь краіну, якая без яе ведама была выбраная месцам або рамантычнага спаткання, або канспіратыўнай сустрэчы”.

Як паведамлялася раней, 30 жніўня міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін напісаў у „Твітэры”, што 31 жніўня плануе абмеркаваць справу зніклага ўкраінца Паўла Грыба з беларускім калегам Уладзімірам Макеем падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства і Вышаградскай групы ў Будапешце.

„Заўтра ў Будапешце планую абмеркаваць справу зніклага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба з беларускім калегам Макеем”, — напісаў Клімкін. БелаПАН