Габрэі ў Войску Польскім — выстава ў Гародні
Даведацца як служылася ў Войску Польскім габрэям ў розныя перыяды гісторыі магчыма на выставе, якая адкрылася ў гродзенскай харальнай сінагозе. На тузіне плакатаў распавядаецца пра ўдзел габрэйскіх вайскоўцаў ў розных бітвах і паўстаннях ХІХ – ХХ стагоддзя. Экспазіцыя прадстаўлена ў Гародні дзякуючы Генеральнму консульству Рэспублікі Польша ў Гародні, а таксама Асацыяцыі іўдэйска-хрысціянскага дыялогу «Шомер-Інтернэшнл».
Чым адметная гэта выстава кажа Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гародні Яраслаў Ксёнжэк:
— Гэта вельмі важная выстава, яна ўжо раней паказвалася ў Іўі, а цяпер 1 верасня у гадавіну нападу Нямеччыны на Польшчу, тут, карыстаючыся гасціннасцю сінагогі-музея ў Гародні, мы хацелі паказаць яе менавіта ў гэтым асаблівым месцы, якое вельмі моцна пацярпела падчас Другой сусветнай вайны. Я думаю, што прэзентацыя гэтай выставы наблізіць той трагічны фрагмент гісторыі ўсім гарадзенцам, не толькі тым, хто мае габрэйскае ці польскае паходжанне. Вельмі важна памятаць, калі пачалася вайна, што гэта 1 верасня быў тым трагічным момантам, які аб’ядноўвае перажытае палякамі, габрэямі і іншымі нацыянальнасцямі, бо тады пачалася драма палякаў ІІ Рэчы Паспалітай.
Паводле кіраўніка габрэйскай рэлігійнай абшчыны ў Гародні Барыса Квяткоўскага служба габрэяў ў польскім войску мела свае асаблівасці:
— Габрэям, якія жылі па сваіх традыцыях, падчас службы ў Войску Польскім былі неабходныя пэўныя ўмовы: і ў той жа кашэрнасці ежы, і ў вырашэнні пытанняў, каб адзначыць суботу. І трэба аддаць належнае, у Войску Польскім, наколькі такое было магчыма ў войску, гэта выконвалася. Там таксама быў рабін, які дапамагаў тым хлопцам знаходзіць душэўную раўнавагу знаходзячыся ў асяроддзі, якое не было чыста габрэйскім.
Адкрыццё экспазіцыі сабрала апроч прадстаўнікоў габрэйскай абшчыны школьнікаў і настаўнікаў, і на думку арганізатараў гэта выстава будзе цікава кожнаму гарадзенцу. Даведацца пра гісторыю службы габрэяў ў Польскім войску магчыма да 25 верасня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня